Читать «Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)» онлайн - страница 60
Франсуа Мориак
Бернар не пацiкавiўся яе планамi: "Няхай хоць павесiцца! Абы сышла адгэтуль!.."
- Я супакоюся толькi тады, калi яе нагi тут не будзе, - гаварыў ён сваёй мацi.
- Добра было б, каб яна ўзяла сабе дзявочае прозвiшча... Хаця што гэта нам дасць?.. Калi яна чаго наробiць, то цябе хутка знойдуць...
Аднак Бернар сцвярджаў, што Тэрэза "брыкаецца толькi ў аглоблях". А будзе на волi - можа, паразумнее. Ва ўсякiм разе, няхай паспрабуе. Так, дарэчы, меркаваў i Тэрэзiн бацька, месьё Лярок. Усё добра ўзважыўшы, сваякi прыйшлi да згоды: будзе лепш, калi Тэрэза знiкне з вачэй. Тады пра яе хутчэй забудуцца. Людзi перастануць языкамi мянцiць... Самае галоўнае цяпер - маўчаць... Вось такi быў план, i мяняць яго нiхто i не падумае. Тэрэзу адважылiся выпрагчы з аглобляў... Ах, як хацелася, каб зрабiлi гэта хутчэй!
Канчалася зiма. Тэрэза любiла гэтую пару, калi стаялi сонечныя днi, чыстае блакiтнае неба цешыла вока, а голыя палеткi i дрэвы (толькi на дубах сям-там было леташняе лiсце) чакалi ўжо новага веснавога ўбору. Якраз у гэты час адкрыла для сябе Тэрэза, што тая самотная, пакутлiвая цiшыня, якая, здавалася, вечна будзе прыгнятаць i душыць яе, знiкла. Нават у самую цiхую часiну лес нешта напяваў, нiбы скардзiўся цi закалыхваў сябе. Нават ноччу даходзiў да Тэрэзы таямнiчы лясны шэпт... А будучыня ўяўлялася ёй цьмяна. I хто ведае, можа, ёй калi-небудзь яшчэ давядзецца сустракаць новы дзень у такой млоснай адзiноце, што яна пашкадуе i Аржалузу, i гэтае прадвесне, i лясны гоман, i дружны хор пеўняў, i стракатанне конiкаў, i начны скрып цвыркуноў... Парыж... Там мяне будуць акружаць не знявечаныя чалавекам сосны, а хцiвыя, небяспечныя людзi... Замест бясконцых дрэў - натоўп людзей...
I Бернар, i Тэрэза здзiўлялiся, што цяпер пры сустрэчах i размовах яны не адчувалi, бадай, нiякай збянтэжанасцi i няёмкасцi. Тэрэза нават падумала, што чалавек спакайней ставiцца да самых непрыемных суседзяў, калi ўпэўнены, што хутка назаўсёды паедзе ад iх. Цяпер Бернар цiкавiўся i яе здароўем, i яе вагою, i нават планамi на будучыню. А Тэрэза як нiколi адказвала шчыра, адкрыта:
- У Парыжы... Калi я буду ў Парыжы...
Там яна будзе жыць у атэлi, а можа, i пашукае кватэру. Яна збiралася хадзiць на лекцыi, на даклады, на канцэрты. Яна хацела "пачаць з азоў сваю адукацыю". Цяпер Бернар зусiм не асцерагаўся яе, спакойна еў i пiў за адным сталом. Доктар Педмэ, якi часам сустракаў iх на прагулцы, не раз казаў сваёй жонцы:
- Ведаеш, што самае дзiўнае. Калi глядзiш, як буркуюць гэтыя галубкi, нi за што не паверыш, што яны прытвараюцца...
XIII
Цёплай сакавiцкай ранiцай, гадзiн каля дзесяцi, людская плынь ужо цякла па вулiцах Парыжа, падступалася да тэрасы "Кавярнi дэ ля Пэ", дзе сядзелi Бернар i Тэрэза. Яна кiнула дакураную цыгарэту i, як гэта робяць у ландах, старанна патушыла яе.