Читать «Канец Iталii (на белорусском языке)» онлайн - страница 7
Пьер Куртад
- Гэта краiна, аб якой мараць, - сказала Лора. - Мажлiва, гэта дэкор, але цудоўны! Ах, я хацела б застацца тут на некалькi месяцаў...
- Ты ўпэўнена, што табе не захацелася б у Кабур* цi нават у Каэн?
* Курорт у Нармандыi.
- Чаму ты мне гэта кажаш?
- Не чапай свайго носа, дарагая, бо, гарантую, ты дагуляешся да таго, што там сядзе вялiкая скулячка, якая не дасць табе спакою да канца падарожжа...
- Ты думаеш, што я непрыгожая?
- Мне ты самая прыгожая.
Ён заплюшчыў вочы i пацалаваў яе ў вусны.
- Ты здурэў, - сказала яна, калi перавяла дых.
- Зусiм не.
Дзень яны прысвяцiлi класiчнай экскурсii па ўсiм востраве. Яны нанялi гiда i не пашкадавалi. Цi знайшлi б яны самi словы, каб апiсаць "гэтае дзiўнае пачуццё эйфарыi, якое вялiкiя аматары вострава называюць "ла какаiна" дэ Капры* i якое, мажлiва, выклiкана кантрастам памiж страшэннай прыгажосцю скалаў, пакрытых дзiкай раслiннасцю, i цiхiм хараством вузенькай, добра забрукаванай дарогi, абсаджанай прыватнымi садамi з квiтнеючымi ружамi, гваздзiкамi, глiцынiямi, мiндалем?
* Какаiн Капры (iт.).
Яны не даведалiся б, што славуты грот Мiтраманiа - гэта былы храм бога Мiтры i што ў доме вядомага пiсьменнiка Курцыа Канацьеры пасярод вялiзнага салона, якi мае шаснаццаць метраў у даўжыню, ёсць камiн, спод якога зроблены з вогнеўстолiвага крышталю, праз якi можна бачыць мора.
Яшчэ больш карысным для iх гiд аказаўся ў тым плане, што даў iм нейкае ўяўленне пра свецкае жыццё. Яны даведалiся, што ў Канцонэ дэль Марэ*, "якi ў апошнiя гады прыцягвае ўвагу арыстакратыi ўсяго свету, дзякуючы басейну з лазурнай вадой i ўсёй яго раскошы, пасля абеду заўсёды ёсць некалькi незанятых сталоў для гульнi ў канастру**".
* Назва гатэля, у перакладзе з iталiйскай "Песня мора".
** Гульня ў карты.
Аднак з канца ранiцы другога дня, калi яны загаралi на тэрасе гатэля, слухаючы, як гудуць мухi i кудактаюць куры, радуючыся знесенаму яйку, як звоняць званы ў манастыры, Арман адчуў патрэбу процiдзеяць таму, што гiд назваў "какаiна дэ Капры". Ён быў па горла сыты гэтым жыццём, якое асуджала яго на адзiноту, глыбiню якой ён толькi што зразумеў. Спектакль, якi ён убачыў у мiндалевым садзе, вывеў яго са здранцвення: мажны педэраст, увесь у блакiтным, з белай вышыванай шыйнай хусткай, якога прагульваў на пазалочаным паску бульдог з высалапленым языком; ён раздаваў ангельскiм дзецям, якiя тоўпiлiся вакол яго, высушаных марскiх канькоў, загорнутых у шаўкавiстую паперу.
- А што, уласна мы тут робiм? - сказаў ён.
- Табе не дагодзiш. Што з табой, любы? Мне здаецца, пасля Рыма ты нешта ад мяне хаваеш.