Читать «Канец Iталii (на белорусском языке)» онлайн - страница 5
Пьер Куртад
- Не чапай носа, - сказаў ён, але на гэты раз рэзка, знервавана. - А то будзе яшчэ горш.
- Што значыць - будзе яшчэ горш? - спыталася Лора. Яна ўзяла яго за руку. Ён моцна сцiснуў яе руку, потым пагладзiў. Яна заплюшчыла вочы. Яны далi акардэанiсту сто лiр.
Viа Аnniа купалася ў месячным святле. Ад кiпарысаў на брук, у якiм антычныя вазы прарэзалi дзве паралельныя каляiны, клалiся блакiтныя ценi. На фоне бледнага неба над магiлай Цэцылii Мэтэла ўздымалася вялiзная рэкламная аўтапакрышка з дрэва. Ноч была чароўная. Паабапал шашы, якой было ўжо не адна тысяча гадоў, стаялi, як конi на прывязi, мотаролеры, чакаючы сваiх седакоў: парачак, схаваных у цемры вясковай ночы, аглушаных звонам цвыркуноў i шчаслiвых у абдымках адно ў аднаго.
- Як прыгожа, - сказала Лора.
У iх было мала часу. Апошнi тралейбус адыходзiў праз чвэрць гадзiны. Яны, трымаючыся за рукi, селi на тумбу дарожнага знака. Арман загаварыў першы.
- Якая незвычайная цывiлiзацыя, - сказаў ён. - Калi думаеш, што па гэтай дарозе ездзiлi ў Неапаль ужо дваццаць стагоддзяў назад...
- Сапраўды, - сказала Лора, - мы пра ўсё гэта чыталi, усё гэта ведаем, але самае незвычайнае - убачыць потым, што гэта не штосьцi з кнiг, што гэта рэальна iснуе.
Яна глядзела на мотаролеры i думала пра каханкаў, якiя ляжалi за магiламi рымскiх патрыцыяў. Арман абняў яе i доўга цалаваў у вусны, але цяпер яму здавалася, што ў ёй больш не было нiякай таямнiцы.
- Трэба вяртацца, - вельмi пяшчотна сказаў ён. - Ты, напэўна, стамiлася? Табе было зусiм кепска ў аўтобусе.
- О! Ты быў такi мiлы, такi цярплiвы.
- Ну што ты, любая, гэта ж такая дробязь...
- Але я назаляла табе, не давала спакойна любавацца... Мне б не хацелася быць абузай. Я не надта табе перашкаджала, не?
- Ды не, -сказаў ён, -якая ты дурнiца! Я кахаю цябе.
- Я таксама кахаю цябе, - сказала яна.
- I добра! Гэта ж вельмi добра...
Яны прабылi ў Рыме два днi, каб абавязкова наведаць усе вартыя ўвагi мясцiны.
Iм вельмi спадабалiся сады вiлы Баргезэ. Бессаромнасць Палiны Банапарт* зачаравала Армана, якi неўпрыкмет гладзiў голыя грудзi мармуровай статуi Кановы. Яны елi марожанае пад хвоямi, якiя зблiзу выглядалi не так маркотна, як апiсаў Стэндаль. Мiлыя, святочна апранутыя дзецi з гувернанткамi, якiя гаварылi па-нямецку, гулялi вакол iх.
* Палiна Банапарт (1780-1825) - сястра Напалеона, была замужам за князем Камiлам Баргезэ.
Сабор Святога Пятра iм не спадабаўся. Яны вырашылi, што ён падобны на тэатр, з якога толькi што выйшлi гледачы. Арман параўнаў ксяндзоў, семiнарыстаў i служак з апранутымi ў сутаны рабочымi сцэны.
- Досыць жахлiва, гэта праўда, - сказала Лора.