Читать «Бездакорная пакаёўка (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Агата Кристи
Олд-Хiл быў вялiкi дом вiктарыянскага стылю, акружаны лесапаркам. Паколькi выявiлася, што яго нельга было прадаць i здаць у наём такiм, як ён ёсць, цалкам, нейкi спрытны спекулянт раздзялiў дом на чатыры асобныя кватэры "з цэнтральнай абагравальнай сiстэмаю i паркам". Паркам валодалi ўсе кватаранты. Эксперымент удаўся. Адну кватэру занялi багатая старая эксцэнтрычная лэдзi i яе служанка. Гэтая старая захаплялася птушкамi, i кожны дзень яна збiрала цэлае птушынае царства на кармленне. Другую кватэру арандаваў суддзя, якi вярнуўся з Iндыi, са сваёю жонкаю. Маладая пара, якая нядаўна пажанiлася, заняла трэцюю кватэру, а чацвёртую два месяцы таму назад нанялi дзве старыя дзеўкi па прозвiшчы Скiнер. Казалi, што гаспадар быў задаволены. На самай справе ён баяўся дружбы кватарантаў, за якой прыходзiць i адчужанасць са скаргамi адзiн на аднаго.
Мiс Марпл была знаёмая з усiмi, хоць добра нiкога не ведала. Старэйшая сястра Скiнер, мiс Лавiнiя, была, калi можна так сказаць, цяглавая сiла. Мiс Эмiлiя, малодшая, амаль увесь час ляжала ў пасцелi, пакутуючы ад розных хвароб, якiя, на думку жыхароў Сент-Мары-Мiд, былi больш выдуманыя. Толькi мiс Лавiнiя шчыра верыла ў пакуты i цярпенне сваёй сястры, з гатоўнасцю патурала ўсiм яе капрызам i бегала ў вёску i з вёскi, каб прынесцi тое, чаго "раптам захацелася сястры".
На думку жыхароў Сент-Мары-Мiд, калi б мiс Эмiлii прыпала хоць палавiна тых пакутаў, пра якiя яна гаварыла, яна б ужо даўно паслала па доктара Хайдака. Але мiс Эмiлiя, калi чула пра гэта, закатвала вочы i мармытала, што яе хвароба няпростая - лепшыя спецыялiсты ў Лондане не маглi ў ёй разабрацца i што адзiн вядомы доктар правёў з ёю найноўшы курс лячэння i яна спадзяецца, што гэта паможа ёй. Нiякi звычайны тэрапеўт не можа яе вылечыць.
- I я так думаю, - гаварыла мiс Хартнел з мiлай прастатою, - што яна вельмi добра робiць, калi не клiча доктара. Паважаны доктар Хайдак з яго вясёлым норавам мог сказаць ёй, што нiякая яна не хворая, што можна ўставаць з пасцелi i не рабiць шуму. Ёй бы гэта пайшло на карысць!
А як што такiх дэспатычных лекаў не было, мiс Эмiлiя валялася на канапе сярод пачкаў невядомых пiлюль, адмаўлялася амаль ад усяго, што ёй гатавалi, i патрабавала нечага такога, што звычайна цяжка i складана дастаць.
На званок мiс Марпл дзверы адчынiла Глэдзiс, якая была больш прыгнечаная, чым мiс Марпл думала. У гасцёўнi - чвэрць ранейшага пакоя, падзеленага на кухню, гасцёўню, ванную i пакоiк з шафаю для служанкi, - насустрач мiс Марпл устала мiс Лавiнiя.
Лавiнiя Скiнер была высокая хударлявая жанчына гадоў пяцiдзесяцi. У яе былi грубаваты голас i рэзкiя рухi.
- Радая вас бачыць, - сказала яна. - Эмiлiя ляжыць. Сёння яна дрэнна сябе адчувае, небарака. Спадзяюся, яна захоча ўбачыць вас, гэта падбадзёрыць яе. Праўда, часам бывае, яна нiкога не хоча бачыць. Небарака, яна - вельмi добрая.
Мiс Марпл ветлiва загаварыла. Прыслуга была галоўнай тэмаю размоў у Сент-Мары-Мiд, таму не цяжка было скiраваць i гэтую размову ў патрэбным кiрунку. Мiс Марпл сказала, што яна чула, нiбыта звальняецца такая слаўная дзяўчына, як Глэдзiс Холмс.