Читать «Бездакорная пакаёўка (на белорусском языке)» онлайн

Агата Кристи

Кристи Агата

Бездакорная пакаёўка (на белорусском языке)

Агата Крысцi

Бездакорная пакаёўка

Апавяданне

Пераклад: Валерый Чудаў, Мiхаiл Котаў

- Прабачце, мадам, цi не магла б я з вамi пагаварыць?

Такое пытанне можна было лiчыць недарэчным, бо Эдна, маленькая пакаёўка мiс Марпл, гэтым самым зваротам ужо пачала гаворку са сваёю гаспадыняю.

Адзначыўшы гэта, мiс Марпл адразу ж адказала:

- Вядома, Эдна. Заходзь i зачынi дзверы. Што здарылася?

Паслухмяна зачынiўшы дзверы, Эдна зайшла ў пакой, скамячыла ражок фартуха i некалькi разоў уздыхнула.

- Ну што, Эдна? - падбадзёрваючы, папыталася мiс Марпл.

- О, прабачце, панi, гэта ўсё мая стрыечная сястра Глэдзiс. Бачыце, яна засталася без работы.

- Мне шкада яе, дарагая. Яна служыла ў Олд-Холе, праўда ж, у мiс... мiс... Скiнераў?

- Ага, панi, праўда. I Глэдзiс гэта вельмi засмуцiла, вельмi засмуцiла.

- Аднак перад тым Глэдзiс даволi часта мяняла гаспадароў, праўда?

- Ага, панi. Яна гэта рабiла, каб не заседжвацца. Яна, пэўна, нiколi не супакоiцца, вы разумееце, што я хачу сказаць. Але, бачыце, яна заўсёды папярэджвала!

- А гэтым разам усё было наадварот? - суха папыталася мiс Марпл.

- Але, панi, i гэта вельмi засмуцiла Глэдзiс.

Мiс Марпл крыху здзiвiлася. Яна помнiла Глэдзiс, якая iншы раз прыходзiла пiць гарбату у кухню ў свой "выхадны" дзень, помнiла як дзябёлую дзяўчыну-рагатушку, заўсёды з ураўнаважаным характарам.

- Бачыце, панi, усё гэта таму, што мiс Скiнер не так усё зразумела.

- Як зразумела мiс Скiнер? - цярплiва папыталася мiс Марпл.

Цяпер ужо Эдна выклала ўсе свае навiны:

- О, панi, гэта такi ўдар для Глэдзiс. Бачыце, прапала адна брошка ў мiс Эмiлii, i такi падняўся вэрхал, што i ўявiць нельга. Вядома, нiкому не падабаецца, калi такое здараецца; гэта такое хваляванне, панi, вы разумееце, што я хачу сказаць. Глэдзiс памагала шукаць. Шукалi ўсюды. Мiс Лавiнiя ўжо загаварыла, што пойдзе ў палiцыю, i раптам брошка знайшлася. Яна ляжала ў шуфлядцы ў туалетным столiку. Глэдзiс падзякавалi.

А тут на другi дзень разбiлася талерка, мiс Лавiнiя вельмi раззлавалася i сказала Глэдзiс за месяц звольнiцца. Глэдзiс адчула, што гэта не за талерку i што мiс Лавiнiя проста шукае зачэпку, i гэта, вiдаць, за брошку; яны думаюць, нiбы яна ўзяла яе i паклала зноў, калi сказалi пра палiцыю. Але Глэдзiс не магла гэтага зрабiць, яна б нiколi не рашылася на такое. А што ёй рабiць, калi пра яе пойдуць розныя плёткi, гэта ж вельмi непрыемна дзяўчыне, вы ж ведаеце, панi.

Мiс Марпл згодна кiўнула галавою. Хоць яна i не адчувала асаблiвай сiмпатыi да гэтай дзябёлай самаўпэўненай Глэдзiс, яна верыла ў сумленнасць дзяўчыны i добра ўяўляла, як здарэнне магло ўзрушыць яе.

Эдна спыталася з сумам:

- Я думаю, тут вы нiчым не паможаце, панi?

- Скажы ёй, каб не рабiла глупства, - сказала мiс Марпл рашуча. - Калi яна не брала брошкi - а я ўпэўненая, што не брала, - дык ёй няма чаго хвалявацца.

- Пойдуць чуткi, - з сумам сказала Эдна.

- Сёння я буду там i пагавару з мiс Скiнерамi, - супакоiла яе мiс Марпл.

- Дзякуй, мадам, - сказала, Эдна.