Читать «Смерць Бiкунi (на белорусском языке)» онлайн - страница 8
Сакё Комацу
- А мы не будзем капаць! - начальнiк акiнуў прысутных пераможным позiркам. - У праект унесены iстотныя папраўкi. Не марнаваць жа столькi часу на тунель! Дык вось, тунеля не будзе! Мы ўзарвём гару!
- Што? Узрыў?.. Дык гэта ж... - галоўны iнжынер пачаў быў гаварыць, але спалохана змоўк.
На роўным, як стол, полi недалёка ад будаўнiцтва сеў верталёт. З яго гарохам пасыпалiся ўзброеныя салдаты.
- Вось якраз... - сказаў начальнiк будаўнiцтва, кiсла жмурачыся ад яркага сонца i нясцерпнага металiчнага бляску верталёта. - Узрыў... Гэта... - ён махнуў рукой. - Усё зробяць за нас. Вадародная бомба, бамбакрошка... Тэхнiка на мяжы фантастыкi - пякельная машына для патрэб будаўнiцтва. Гара знiкне як дым... Радыяцыi не будзе, а калi нават i будзе, справу завершаць не людзi, а будаўнiчыя аўтаматы.
Галоўны iнжынер мiмаволi зiрнуў на гару. Прыгожая гара, цудоўная, дзiўная. Царыца сярод iншых гор. Уся пакрытая рэлiктавымi соснамi. Ахоўвалася да гэтага часу як помнiк культуры. I вёска каля яе падножжа - таксама помнiк. Вёска, якая захавалася з старажытных часоў... У гэтую гару цяпер упiралася стужка скораснай шасэйнай дарогi. Зручная дарога. Шырыня сто метраў...
Блакiтная стужка цягнулася здалёк. Ад аэрапорта далёка на поўднi, перасякаючы раўчукi i рэкi... А па ёй з мiнiмальнай хуткасцю трыста кiламетраў паiмчацца аўтамабiлi з электроннымi аўтавадзiцелямi...
Каля падножжа гары, парослай векавымi лясамi, цяпер варушылiся цыклапiчныя экскаватары, узвышалiся вежавыя краны. I ўся гэтая машынерыя скрыгатала, хрыпела i ранiла цiшыню бяздушнымi механiчнымi галасамi.
I раптам завыла сiрэна. Як блiзкая зарнiца, сiняву неба прачарцiў чырвоны сцяг. I тут жа машыны пачалi адступленне - адыход ад пазiцый, якiя нядаўна заваявалi. Машыны саступалi месца другiм, яшчэ больш магутным i дасканалым. Грукат выбухаў змоўк. У наступ пайшлi салдаты-мурашкi, адзетыя ў унiформу колеру хакi. А на чале армii павольна рухаўся цягач, увенчаны ярка-чырвоным, як свежая кроў, цылiндрам. Ён поўз проста да дзiркi нядаўна пракапанага тунеля.
- Увага! Увага! - загаварыў гучнагаварыцель на цягачы. - Камандзiр асобай ударнай групы просiць пацвердзiць, што вакол гары нiкога не засталося...
- Навакол нiкога няма, - адказаў начальнiк будаўнiцтва ў мiкрафон. Мясцовыя жыхары эвакуiраваны яшчэ да пачатку будаўнiчых работ.
- Спадар начальнiк! - усклiкнуў раптам адзiн малады iнжынер. У хлопца лiхаманкава блiшчалi вочы. З-за спiны выглядвала некалькi сялян, усе - вельмi старыя. - Людзi гавораць, што не ўсе эвакуiравалiся!
- Што? Як гэта не ўсе? - начальнiк пабялеў.
- Адзiн чалавек застаўся... Жанчына... Яна сказала, што тунель яе не цiкавiць. Ну... нiякай ёй справы няма да тунеля... Яна жыве тут. Даўно ўжо. Цяпер перабралася яшчэ вышэй, амаль на самую вяршыню гары. Пра яе нiхто не ведаў. Вось толькi гэтыя старыя помнiлi, што жыве тут, на гары, жанчына. Яны спрабавалi ўгаварыць яе перабрацца куды-небудзь, ды яна заўпарцiлася...