Читать «Смерць Бiкунi (на белорусском языке)» онлайн - страница 7
Сакё Комацу
Быў цясляр, прастадушны чалавек. Пажылi яны з iм сям'ёю як мае быць.
Але мужчыны рана цi позна памiралi. I кожны раз, адслужыўшы хаўтуры, Хама вярталася ў сваю келлю.
Iшлi гады. Змянялiся эпохi. Змянялася жыццё. Толькi адна Хама заставалася ранейшай.
- Панi... - ад саду да галерэi падышоў слуга. - Дылiжанс каля варот.
- Зараз iду...
Хама схавала ў маленькi скрутак памятныя запiсы - маёмасць, з якой яна некалi прыйшла ў гэты дом i з якой цяпер адыходзiла, яшчэ раз, набожна склаўшы рукi, пакланiлася таблiчцы з iмем нябожчыка i ўстала.
Гэты апошнi яе муж быў вельмi багаты. Ён атрымаў у спадчыну ад бацькi цэлую флатылiю, якая хадзiла ў кабатажнае плаванне, а з надыходам эпохi Мейдзi яшчэ больш разбагацеў на гандлi рысам. Хама спадабалася яму. Згвалцiўшы яе, ён прымусiў яе пераехаць у Токiо, а калi ў яе адраслi валасы, зрабiў пустэльнiцу сваёй афiцыйнай палюбоўнiцай i падарыў асабняк.
У гэтага багацея было яшчэ шэсць палюбоўнiц, i кожнай - свой асабняк. Законная жонка жыла ў раскошным доме, якi называўся палацам, дзень i ноч аплакваючы здраднiка-мужа. Так яна i памерла - у слязах i раскошы. Дзве яго ўтрыманкi, прыхапiўшы каштоўнасцi, збеглi з маладымi хлопцамi, i тады ён афiцыйна ажанiўся з Хамай. Вяселле, праўда, было сцiплае, нiякiх гасцей не запрашалi.
Яго дачка ад першага шлюбу атрымала ў спадчыну бацькаву лiхую кроў - i аднойчы збегла з рыкшам i з таго часу пайшла па благой дарозе. Сын бадзяўся па прытонах i ўрэшце, згаварыўшыся з некалькiмi гулякамi i гульцамi, якiя праматалi ўсё, скончыў самагубствам. Аднак памёр толькi ён, тыя выжылi. Хамiн муж i сам дрэнна скончыў: за хабар чыноўнiкам сеў у турму, праз тры гады вярнуўся дадому паралiзаваны, у каросце. За гэты час усё яго багацце сплыло, захаваўся толькi асабняк, якi некалi называўся палацам, а цяпер пераўтварыўся ў сапраўдны дом з прывiдамi.
З чэлядзi засталiся толькi двое - слуга i служанка. Хама самааддана даглядала агiднага старога - таксама, як i ўсiх.
4
- Значыць, так... - сказаў начальнiк будаўнiцтва, якi толькi што вярнуўся з сталiцы. - Давядзецца тужыцца i закончыць усе работы на два тыднi раней тэрмiну. Я атрымаў ад мiнiстра добры наганяй. Уся справа ў iншаземцах. Дэлегацыя пажадала прыехаць раней, чым было дамоўлена, i неадкладна агледзець будоўлю.
- Нiчога не атрымаецца, - галоўны iнжынер пацiснуў плячамi.
- Павiнна атрымацца. Нам даюць дадаткова некалькi дзесяткаў звышмагутных экскаватараў i атамных лапат, - начальнiк зiрнуў на наручны гадзiннiк. Па-мойму, мiнiстр гарыць жаданнем устанавiць новы рэкорд у шасэйным будаўнiцтве. Напэўна, у гэту самую хвiлiну ў аэрапорце ўжо прызямляюцца транспартнiкi-цыклопы. А ўжо адтуль абсталяванне нам як бачыш даставяць. На верталётах "Самсон".
- Дарэмна. Спешка тут не дапаможа, - запярэчыў адзiн майстар. - Пракапаць тунель не жарт. Праходчыкi iдуць з двух бакоў, насустрач адзiн аднаму, але ўсё роўна менш чым у дзесяць дзён не ўкладуцца. Гара, а не якi-небудзь узгорачак. Ды днi чатыры на аблiцоўку, бетанаванне, мантаж электроннага абсталявання.