Читать «Смерць Бiкунi (на белорусском языке)» онлайн - страница 10
Сакё Комацу
Той плакаў.
- Ты бачыў яе? Знайшоў? - Начальнiк схапiў яго за руку. - Кажы!
Малады iнжынер апусцiўся на падлогу. Халодны бетон. Шэрыя сцены сховiшча. I слёзы на запаленых чырвоных вачах.
- Я знайшоў яе, - сказаў ён.
- Ну i?.. Чаму ты не прывёў яе? - спазма сцiснула горла начальнiку. - Яна ж цяпер не паспее! Ды як жа мы?! Знайсцi чалавека i не вывезцi?! Ты адкажаш за гэта!
Iнжынер пакруцiў галавой.
- Не атрымалася, нiчога не атрымалася... Гара загiне, i яна разам з ёй...
- Эх, вы!.. Моладзь зялёная! - адзiн майстар са злосцю плюнуў. - Не маглi ўгаварыць... Сiлаю прывялi б. Па мордзе надавалi б, цi што, але прывялi... Людзi што скажуць...
Iнжынер апусцiў галаву.
- Яна... Я знайшоў яе амаль на вяршынi... У келлi. Маленькая-маленькая келля. З бамбукавых жэрдак... А вакол - лес. I кветкi ў агародчыку. Дзiвосныя, такiх няма больш на свеце - проста ў келлi, з падлогi, б'е крынiца. Яна пачаставала мяне чаем. Пустэльнiца, дачка гары, з тварам прыгожым i маладым, як кветка сакуры... Колькi ёй гадоў... Можа, дваццаць, а можа, трыццаць, але ўжо нiяк не болей... Яна сядзела каля маленькага столiка для сутраў. Мы пiлi чай...
- Якi дурань! - прастагнаў начальнiк. - Падумаць толькi - яны пiлi чай! I гэта ў такi час!.. Мы тут павар'яцелi, а ён...
- Яна вельмi доўга жыла, - працягваў iнжынер, не звяртаючы анiякай увагi на начальнiка. - Вы чулi калi-небудзь легенду пра Хапяку-бiкунi, пустэльнiцу, якая пражыла васемсот гадоў на свеце. Вельмi старая легенда. Яна нарадзiлася на поўначы Японii... Маладая дзяўчына з'ела рыбу, але гэта была не рыба, а русалка. I русалка падарыла ёй сваю вечную маладосць. I яна назаўсёды засталася маладой i стала пустэльнiцай.
- Ты што - звар'яцеў? - майстар паглядзеў на маладога iнжынера з адкрытай насмешкай. - Цi не хочаш ты сказаць, што гэтая ненармальная i ёсць сястрыца Хапяку-бiкунi? Трэба ж, вучоны, а верыць у падобнае глупства! Ды калi Хапяку i жыла калi-небудзь на свеце, то ўжо даўным-даўно памерла...
- Вы нелагiчныя! - раздражнёна запярэчыў iнжынер. - I калi не верыце ў Хапяку-бiкунi, як жа вы можаце гаварыць, што яна памерла?.. Гэтая пустэльнiца незвычайная жанчына. Яна расказвала мне пра падзеi пяцiсотгадовай даўнасцi так, быццам гэта было толькi ўчора. I намякнула, што яна i ёсць Хапяку-бiкунi. Не верыце? А чаму? Хiба няма людзей, што вельмi доўга жывуць на свеце? Колькi хочаце прыкладаў, i не толькi ў Японii, але i ва ўсiм свеце. Якая, па сутнасцi, рознiца - сто гадоў пражыць цi васемсот...
- Добра, дапусцiм, усё так i ёсць, - сказаў нехта. - Але калi яна пражыла так доўга, чаму б ёй яшчэ не пажыць? А цяпер, выходзiць, яна вырашыла памерцi.
- Чаму? - малады iнжынер на хвiлiнку змоўк. У яго апусцiлiся плечы. - Яна сказала чаму. Праўда, жыла яна доўга, i жыццё не было ёй цяжкае. Калi б ёй надакучыла, яна магла б у любы час пакончыць з сабою. Але... Бiкунi сказала: "Жыццё маё было цяжкае, але не было цяжарам. Людзi знiкалi. Усе мае мужчыны памiралi адзiн за адным. Свет мяняўся. Але свет дагэтуль захоўваў мудрасць". А яшчэ яна сказала, што цяпер сама стала часткаю мiнулага, бо не засталося на свеце нiчога нязменнага i прырода памiрае i не хоча больш клапацiцца пра сваiх сяброў. Навошта жыць, калi памяць вяне, як кветка восенню, i жывая плоць робiцца легендай?