Читать «Смерць Бiкунi (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Сакё Комацу

- Падумаць толькi, як мы з табою жывём - цiха ды непрыкметна... I гэта ў наш час, i ў нашым смутным свеце... - гаварыў Такэда, гледзячы на яе з галерэi. I позiрк у яго быў мяккi i задумлiвы, зусiм не такi, як у тую першую ноч. - Магчыма, падобнае жыццё i ёсць iсцiна. Такая ж iсцiна, як сама старажытнасць. Мудрасць вучняў Буды вартая здзiўлення.

I Хама ў такiя хвiлiны смяялася. Весела, як дзяўчынка. I прыкрывала рот запэцканай агароднай зямлёю рукой, i камячкi плоднай зямлi прылiпалi да яе ружовых вуснаў.

- Мудрасць вучэння Буды тут нi пры чым, - адказвала яна. - Гэта мудрасць самога чалавека, якая ўвайшла ў яго яшчэ ў тыя далёкiя часы, калi Сак'я-Мунi яшчэ не нарадзiўся. Чалавек вучыўся, як трэба жыць, каб не крыўдзiць iншых i самому не быць пакрыўджаным. А потым недарэчная сквапнасць i звярыная ненасытнасць прымусiлi яго забыцца на першародную мудрасць. I не людзям вучыцца ў Буды веры i праведнасцi i спакою душэўнаму. Буда сам запазычыў з душы чалавечай дадзены ёй спрадвеку светлы спакой, якi ўсiм дапамагае i ўсiх вылечвае ад непатрэбных пакут.

- Хто ведае, хто ведае... - задуменна кiваў галавой мужчына. - Магчыма, надыдуць такiя часы, калi нават з цябе не злiтуецца бурлiвы паток часу. I навакольны свет уварвецца ў тваю келлю ў аблiччы здзiчэлага разбойнiка, якi падобна зверу блукаў па дарогах...

- Няхай... Цi звяры, цi разбойнiкi - што мне да iх? - яе голас спяваў, як сярэбраны званочак, а пальцы яе абрывалi лiставую капусту. - Калi знойдуць у маёй келлi што ўзяць - няхай бяруць. Я i сама аддам. А жыццё будуць патрабаваць, таксама аддам, не шкада. Усё роўна ж памру калi-небудзь. Не павiнен чалавек скупiцца на падарункi. Табе я падарыла лона сваё, а iншаму, можа, падару жыццё...

I тады мужчына ўстаў, i працягнуў рукi, i павёў яе ў келлю. А на галерэю, якая караблём плыла ў сонечным патоку, прыляцелi птушкi нябесныя, збеглiся малпы з блiжняга лесу i раскiдалi насенне лiставой капусты, пакуль iх не напалохаў воклiч радасцi Хамы.

А мужчына з сумам думаў, што сiла яго сыходзiць, што ён старэе...

I меў ён рацыю, калi гаварыў пра неспакойнасць смутнага часу. Мiжусобiцы не сцiхалi, правiцелi падаўлялi народ, народ бунтаваў, i кожны - крыўдзiцель i пакрыўджаны караў нi ў чым не вiнаватую зямлю агнём i мячом. Вёскi гарэлi, i сяляне, якiя ўзнялiся з выгарэлай зямлi, iшлi бадзяцца па дарогах.

Аднойчы натоўп здзiчэлых людзей, якiя выпадкова праходзiлi мiма, уварваўся ў хацiну i збiў мужчыну да смерцi, таму што ён не хацеў аддаць дзве дзяругi, што закрывалi ўваход у келлю.

Мужчына, некалi магутны воiн, нядоўга супрацiўляўся: быў ён ужо не малады i сiла яго згасла. Труп яго, раздзеты дагала, кiнулi ў снег.

А Хамы не было - яна пайшла ў сяло па мiласцiну...

3

А потым...

Хама ўспамiнала. Яе пальцы, якiя прывыклi перабiраць ружанец, цяпер перабiралi пажоўклыя лiсты паперы - памятныя нататкi пра былое.

А потым насталi ўжо зусiм страшныя часы. Ода Набувага напаў на князя Асакуру. Услед за гэтым Тоетомi Хiдресi пайшоў уцiхамiрваць паўночныя правiнцыi. Як жа любяць мужчыны займацца забойствам, войнамi i пралiваць кроў. Хiба ёсць у гэтым сэнс - адбiраць адзiн у аднаго па чарзе землi i плацiць сваiм жыццём за чужое жыццё?..