Читать «Казкi (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Братья Гримм

Гензель i Грэтэль нанеслi шмут галля. Падпалiлi яго. Калi полымя добра ўспыхнула, мачыха падае голас:

- Ну, дзеткi, кладзiцеся цяпер ля вогнiшча ды адпачнiце як след, а мы пойдзем у лес дровы секчы. Закончым працу, вернемся сюды i возьмем вас дахаты.

Селi Гензель i Грэтэль ля агню, i, калi надышоў поўдзень, кожны з iх з'еў па кавалачку хлеба. Яны ўвесь час чулi стук сякеры i думалi, што iхнi бацька дзесьцi паблiзу. Але гэта быў зусiм не стук сякеры, а цурбана, якi навязаў дрывасек да сухога дрэва, i ён, гайдаючыся ад ветру, стукаў аб ствол.

Доўга сядзелi яны вось так ля агню, ад стомы пачалi злiпацца iхнiя вочы, i яны моцна-моцна заснулi. А калi прахапiлiся, была ўжо глухая ноч. Заплакала Грэтэль i кажа:

- Як жа нам цяпер выбрацца з лесу?

Пачаў Гензель яе суцяшаць.

- Пачакай крышачку, хутка ўзыдзе месяц, i мы тады знойдзем дарогу.

Калi ўзышоў месяц, узяў Гензель сястрычку за руку i патупаў ад каменьчыка да каменьчыка, а зiхацелi яны, быццам новыя сярэбраныя грошы, i падказвалi дзецям сцежку-дарожку. Яны iшлi ўсю ноч бесперапынна i падышлi на свiтанку да бацькавай хацiны.

Яны пастукалi, мачыха адчынiла iм дзверы; бачыць яна, што гэта Гензель i Грэтэль, i кажа:

- Што ж гэта вы, паганыя дзецi, так доўга спалi ў лесе? А мы ўжо думалi: вы дахаты не хочаце вяртацца.

Узрадаваўся бацька, убачыўшы дзяцей, - было ў яго на душы цяжка, што кiнуў ён iх адных.

А хутка зноў насталi голад i нястача, i дзецi падслухалi, як мачыха ўночы, лежачы ў пасцелi, гаварыла бацьку:

- У нас зноў усё ўжо з'едзена, засталося толькi паўакрайца хлеба, вiдаць, нам хутка будзе канец. Трэба ўсё ж нам ад дзяцей пазбавiцца: давай завядзем iх у лес яшчэ далей, каб не знайшлi яны дарогу дадому, iншага выйсця ў нас няма.

Зашчымела, забалела дрывасекава сэрца, i ён падумаў: "Ужо лепей мне апошняй крошкай з дзецьмi падзялiцца". Але жонка i чуць пра тое не хоча, пачала яго лаяць i папiкаць. I вось - як пагана пачнеш, дык добра не скончыш, - саступiў ён раз, давялося яму i цяпер саступiць.

Дзецi яшчэ не спалi i чулi ўсю гэтую гаману. I толькi бацькi заснулi, падняўся Гензель зноў, каб выйсцi на двор i назбiраць каменьчыкаў, як i ў мiнулы раз, але мачыха замкнула дзверы, i Гензель выйсцi з хацiны не змог. Ён пачаў суцяшаць сваю сястрычку i кажа:

- Не плач, Грэтэль, спi спакойна, Бог нам як-небудзь ды паспрыяе.

Ранiчкай прыйшла мачыха i ўстурыла дзяцей з пасцелi. Дала iм кавалак хлеба, ён быў яшчэ меншы, чым той раз. Па дарозе ў лес Гензель крышыў хлеб у кiшэнi, усё запыняўся i кiдаў хлебныя крошкi на дарогу.

- Што гэта ты, Гензель, усё запыняешся ды азiраешся? - запытаў бацька. Iдзi, як i мы ўсе.

- Ды гэта я гляджу на свайго голуба, вунь сядзiць ён на страсе дома, нiбы са мной развiтваецца, - адказаў Гензель.

- Дурань ты, - сказала мачыха, - гэта зусiм не голуб твой, гэта ранiшняе сонца блiшчыць на вяршку трубы.

А Гензель усё кiдаў i кiдаў па дарозе хлебныя крошкi. Вось мачыха завяла дзяцей яшчэ далей у лес, дзе яны нi разу яшчэ не былi. Запалiлi зноў вялiкае вогнiшча, i кажа мачыха: