Читать «Казкi (на белорусском языке)» онлайн - страница 147

Братья Гримм

- Паслухай, разгрызi ты мне арэхi.

- Вось ты якi, - сказаў кравец, - а пашча ў цябе вунь якая вялiкая, а маленькага арэха разгрызцi не ўмееш!

Узяў ён камень, але замест яго паклаў сабе ў рот арэх, i - трэсь! - той раскалоўся.

- Трэба будзе яшчэ раз паспрабаваць, - сказаў мядзведзь, - бачу я, справа гэта такая, што i я, мабыць, здолею.

I даў яму кравец зноў камянi. Пачаў мядзведзь грызцi, грызе з усяе сiлы. Але i ты ж таксама не паверыш, што ён iх разгрыз. Тут выцягнуў кравец з-пад крыса скрыпку i давай на ёй найграваць. Пачуў мядзведзь музыку, не мог стрымацца, пачаў скакаць. Паскакаў ён трохi, i гэта яму так спадабалася, што ён папрасiў краўца:

- Паслухай, а цi складана iграць на скрыпцы?

- Ды зусiм лёгка, вось глядзi, - сюды кладу я пальцы левай рукi, а правай смыкам ваджу; i вось яно як весела атрымлiваецца: гоп-гоп-гоп, тра-ля-ля!

- Вось так бы iграць на скрыпцы, - сказаў мядзведзь, - i мне б хацелася, можна было б скакаць, калi захочацца. Навучы мяне iграць! Што ты на гэта скажаш?

- З вялiкiм задавальненнем, калi ёсць у цябе да гэтага здольнасцi. Ану, пакажы мне свае лапы. Э, ды яны ў цябе занадта доўгiя, трэба будзе кiпцюры крыху абрэзаць. - I ён прынёс цiскi, а мядзведзь паклаў у iх свае лапы; тут кравец давай iх зацiскаць, ды як мага мацней, i кажа:

- Цяпер пачакай, пакуль я прынясу нажнiцы, - i пакiнуўшы мядзведзя раўцi колькi яму хочацца, лёг у кутку на салому i заснуў.

Пачула вечарам прынцэса, як раве мядзведзь, i падумала, што раве ён ад радасцi, пакончыўшы з краўцом. Прачнулася яна ранiцай бесклапотная i задаволеная, але зазiрнула ў хлеў, бачыць - стаiць кравец, вясёлы i здаровы, побач з мядзведзем i пачувае сябе, быццам рыба ў вадзе. Што тут было ёй сказаць? Бо ў прысутнасцi ўсiх яна дала яму абяцанне; i загадаў тады кароль падаць карэту, i павiнна была прынцэса адправiцца разам з краўцом у кiрху i з iм павянчацца. Толькi яны селi ў карэту, а тыя два краўцы пачалi зайздросцiць шчасцю свайго сябра; i было ў iх сэрца злое, увайшлi яны ў хлеў i вызвалiлi мядзведзя з цiскоў. Люты мядзведзь кiнуўся ўслед за карэтай. Пачула прынцэса, што мядзведзь сапе i раве, спалохалася i закрычала:

- Ах, гэта гонiцца за намi мядзведзь, ён хоча цябе сцягнуць.

Тут наш кравец хутка скемiў, што яму рабiць: стаў ён на галаву, высунуў ногi ў акно карэты i закрычаў:

- Бачыш цiскi? Калi ты не адстанеш па-добраму, то трапiш у iх зноў!

Як убачыў гэта мядзведзь, павярнуўся i ўцёк. А кравец наш паехаў сабе спакойна ў кiрху i павянчаўся з прынцэсай, i жыў з ёю ён шчаслiва, быццам жаваранак палявы.

А хто казцы нашай не верыць, няхай талер дае хутчэй!