Читать «Казкi (на белорусском языке)» онлайн

Братья Гримм

Гримм Братья

Казкi (на белорусском языке)

Браты Грым

КАЗКI

ГЕНЗЕЛЬ I ГРЭТЭЛЬ

Жыў на ўзлессi глухога бору бедны дрывасек са сваёй жонкаю i дваiмi дзецьмi; хлопчыка называлi Гензель, а дзяўчынку - Грэтэль. Жыў дрывасек надгаладзь; але наступiла аднойчы на той зямлi такая дарагоўля, што не было за што яму купiць нават хлеба замарыць чарвячка.

I вось пад вечар, лежачы на пасцелi, пачаў ён думаць, i ўсё адольвалi яго розныя думкi i клопаты; паўздыхаў ён i кажа жонцы:

- Што ж цяпер будзе з намi? Як нам пракармiць няшчасных дзяцей, нам i самiм няма чаго есцi!

- А ведаеш што, - адказала жонка, - давай раненька, як толькi пачне днець, завядзём дзяцей у лес, у самы глухi гушчар; запалiм iм вогнiшча, дадзiм кожнаму па лусце хлеба, а самi пойдзем на работу i пакiнем iх адных. Дарогi дадому яны не знойдуць, вось мы ад iх i пазбавiмся.

- Не, жонка, - гаворыць дрывасек, - гэтага я не зраблю, бо сэрца ў мяне не камень, я дзяцей адных кiдаць у лесе не магу, там нападуць на iх дзiкiя звяры i iх з'ядуць.

- Эх ты, дурань! - зазлавала жонка. - Учацвярых жа мы ўсе з голаду прападзем, i застанецца толькi адно - труны збiваць. - I яна грызла яго да той пары, пакуль ён з ёй згадзiўся.

- А ўсё ж шкада мне маiх няшчасных дзяцей! - сказаў дрывасек.

Галодныя дзецi не спалi, дык чулi ўсё, што i як гаварыла мачыха iхняму бацьку. Залiлася Грэтэль горкiмi слязьмi i кажа Гензелю:

- Мусiць, нам цяпер загiнуць прыйдзецца.

- Цiшэй, Грэтэль, - прамовiў Гензель, - не бядуй, я што-небудзь ды прыдумаю, як нам выратавацца.

I вось калi бацькi заснулi, ён падняўся, надзеў сваю куртачку, адчынiў дзверы ў сенi i цiхенька выйшаў на двор. У гэты час ярка свяцiў месяц, i белыя каменьчыкi, што ляжалi перад хаткай, блiшчэлi, быццам кучкi сярэбраных манетаў.

Гензель нагнуўся i напоўнiў iмi кiшэню. Пасля вярнуўся ён у хату i шапнуў Грэтэль:

- Суцешся, мiлая сястрычка, спi сабе цяпер спакойна, Бог нас не пакiне. I тут жа ён зноў лёг на сваю пасцель.

Толькi пачаўся свiтанак, яшчэ i сонейка не ўзыходзiла, а мачыха падышла ўжо i пачала будзiць iх:

- Гэй вы, лежнi, час падымацца, збiрайцеся з намi ў лес па дровы!

Дала яна кожнаму з iх па лусце хлеба i кажа:

- Вось гэта будзе вам на полудзень; ды глядзiце, не з'ешце ўсяго раней часу, больш нiчога я вам не дам.

Грэтэль схавала хлеб у свой фартух, бо ў Гензеля кiшэня поўнiлася каменнямi. I яны сабралiся iсцi разам у лес. Прайшлi яны крыху, раптам Гензель запынiўся, азiрнуўся, паглядзеў на хацiну, - так вось ён раз за разам азiраўся i запыняўся. А бацька яму i кажа:

- Гензель, чаго гэта ты ўсё азiраешся ды азiраешся? Не марудзь, iдзi шпарчэй.

- Ах, татачка, - адказаў яму Гензель, - я ўсё гляджу на сваю белую кошачку, вунь сядзiць яна на страсе, нiбы хоча сказаць мне "бывай".

А мачыха i гаворыць:

- Эх, дурань ты, гэта ж не твая котка, гэта ранiшняе сонца блiшчыць на трубе.

А Гензель зусiм i не на кошачку пазiраў, а даставаў з кiшэнi i кiдаў на дарогу блiскучыя каменьчыкi.

Вось увайшлi яны ў самую лясную нетру, а бацька i кажа:

- Ну, дзецi, збiрайце тут галлё, а я зраблю вам цяпельца, каб вы не ахаладалi.