Читать «Пампушка (на белорусском языке)» онлайн - страница 20

Мопассан Ги Де

Расказалi яшчэ, у цьмяных выразах, i пра адну ангельку старадаўняга i славутага роду, якая нават згадзiлася прывiць сабе жахлiвую хваробу, каб заразiць ёю Банапарта, якога цудам уратавала раптоўная слабасць у хвiлiны ракавога спаткання.

Усё гэта выкладалася прыстойна, стрымана, толькi сяды-тады прарывалася знарочыстая заўзятасць, каб падахвоцiць кампанiю да спаборнiцтва.

Зрэшты, можна было падумаць, што адзiнае прадвызначэнне жанчыны на зямлi гэта вечнае самаахвяраванне, бясконцае падначальванне выбрыкам салдатнi.

Абедзве манашкi, заглыбленыя ў свае думкi, здавалася, нiчога не чулi. Пампушка маўчала.

Ёй далi магчымасць думаць цэлы дзень. Але цяпер яе ўжо не называлi, як раней, "панi" - ёй гаварылi проста "паненка", хоць нiхто i не ведаў чаму; пэўна, таму, што хацелi спусцiць яе на ступеньку нiжэй з той вышынi, на якую яна ўзнялася ў агульным меркаваннi, i даць адчуць ёй усю ганебнасць яе рамяства.

Як толькi падалi суп, зноў з'явiўся пан Фалянвi i паўтарыў учарашнюю фразу:

- Прускi афiцэр пытаецца, цi панi Элiзабэт Русэ не змянiла свайго рашэння.

Пампушка суха адказала:

- Не, пане.

Але за абедам каалiцыя стала слабець. У Люазо вырвалася некалькi неасцярожных фраз. Кожны са скуры вылузваўся, намагаючыся выдумаць новы прыклад, а нiчога не выходзiла, калi раптам графiня, можа, ненаўмысна, а проста цьмяна адчуваючы патрэбу выказаць павагу да рэлiгii, папыталася ў старэйшай манашкi пра вялiкiя подзвiгi з жыцця святых. Бо шмат якiя святыя рабiлi ўчынкi, якiя ў нашых вачах былi б злачынствам; але царква лёгка даруе гэтыя правiны, калi яны ўчынены дзеля славы боскай або на дабро блiзкаму. Гэта быў неабвержны доказ, i графiня не прамiнула пакарыстацца iм. I вось, цi то з прычыны маўклiвага адабрэння, патаемнага патурання, якiя так адмыслова ўжываюць духоўныя асобы ўсiх рангаў, цi то з прычыны шчаслiвай незразумеласцi, ратоўнай някемкасцi, старая манашка зрабiла змоўшчыкам вялiкую падтрымку. З выгляду цiхманая, а выявiлася, што смелая, красамоўная i катэгарычная. Яна не блукала ў нетрах казуiстыкi; пераконаннi яе былi як з жалеза, вера непарушная, сумленне не ведала нiякiх згрызот. Для яе ў ахвярапрынашэннi Аўраама не было нiчога ненармальнага, бо яна сама не задумваючыся забiла б бацьку i мацi паводле загаду з неба; нiякая правiннасць, на яе думку, не магла ўгнявiць усявышняга, калi чалавек кiруецца высокай мэтай. Графiня ў жаданнi здабыць як мага болей карысцi з арэолу святасцi сваёй неспадзяванай саюзнiцы выклiкала яе на падрабязнае павучальнае тлумачэнне маральнага правiла: "Мэта апраўдвае сродкi". Яна задавала ёй пытаннi.

- Значыць, сястра, вы мяркуеце, што Богу прыемныя любыя шляхi i ён прабачае правiннасць, калi памкненне чыстае?

- Ды якiя могуць быць сумненнi, панi?! Даволi часта ўчынак сам па сабе варты асуджэння, бывае пахвальны дзякуючы пабуджэнню, якое натхняе на той крок.