Читать «Трагедыя майго настаўнiка (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Кузьма Черный

- Дык тое, што яны ў свой час былi ўхвалены, i, адкiнуўшы iх, мы кампраметуем сябе. Заўсёды памятайце, што пра iх было раздзьмута кадзiла, i няхай сабе яно цяпер непатрэбна, аднак мы павiнны хоць штучна падкладаць у яго вуголле i ладун. Разумееце?!

Я не меў права не разумець.

I я толькi быў рад аднаму: гаворачы аб змене метадаў, асоба мiжвольна пакрыла твар свой страхам, звычайным чалавечым страхам. Такiм чынам, першы раз у жыццi давялося мне ўбачыць у гэтае паважнае асобы чалавечы твар.

Я ўспомнiў пра калейдаскоп асоб... I мне захацелася зараз жа ўбачыць майго былога старога настаўнiка i, пераканаўшы яго ў праўдзiвасцi палажэння, што нiчога дапамагчы яму я не магу, сказаць яму радаснае, ласкавае слова. Я ведаў, што ласкавае слова - гэта саматужнiцтва i што адзiнае ўстанаўленне жыцця - гэта iндустрыя, аднак нiчога з сабою зрабiць не мог. Такая ўжо ў мяне брыдкая натура.

Я не паспеў яшчэ выехаць туды, як раптам зноў лiст прыйшоў да мяне. Лiст не ад яго, а пра яго. Мiж усякiмi iншымi навiнамi мне пiсалi, што пад вечар ён нечага зайшоў дадому. I мiж iм i сынам Вацем адбылася такая гаворка:

- Чаго ты прыйшоў сюды? - сказаў сын.

- Я трохi паляжу тут на лаве, - адказаў бацька.

- Iдзi вон, тут табе не месца.

- Тут жа мой дом, я паляжу трохi, дзе ж я дзенуся.

- Дзе дзенешся? Унь студня. Iдзi i дзенься там.

Тады ён пайшоў "дзецца" ў студню. Як атручаны, прайшоў па вулiцы, даючы "дзень добры" ўсiм сустрэчным. У студню ён палез паволi, па выступах. Вада заняла яму толькi да грудзей. I ён там стаяў у немай роспачы. Як збеглiся i хацелi яго выцягнуць, ён паволi падкурчыў ногi, каб схаваць у ваду галаву i захлынуцца.

Дасталi яго нежывога.

1927