Читать «Трагедыя майго настаўнiка (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Кузьма Черный
Гэта з ёю здарыцца, калi я з ёю разлучуся; а жыцця ёй i мне ў доме маiм няма i не прадбачыцца. Адзiн мне выхад - пайсцi на службу настаўнiка, што зрабiць можна пры дапамозе добрых маiх прыяцеляў. Так што, мой дарагi, як ужо я вам пiсаў раней, паклапацiцеся. Даведайцеся, можа, мне можна i трэба быць на курсах, i я буду згодны. Чым хутчэй адкажыце мне, бо Ваця i Клаўдзя стараюцца ва ўсiм перашкодзiць мне. Яны процi таго, каб я жыў з сваёю жонкаю, хоць бы i на пасадзе, не ў сваiм доме. Будзьце ласкавы, пагаварыце там з кiм належыць; я гатоў прайсцi курсы, але толькi ў Менску, бо ў сваёй акрузе цяжка мне будзе папасцi на iх, у мяне тут няма дарагiх таварышоў. На рэшце лiста гэтага прашу яшчэ раз паклапацiцца як аб сваiм былым настаўнiку i яшчэ раз папярэджваю вас, што калi будзе ў вас якая-небудзь заява супроць майго паганага становiшча, то адкiньце яе, бо ў iх адна мэта - разбiць маё жыццё з жонкаю, i ад гэтага для мяне здарыцца вельмi непрыемная гiсторыя. Каб мне папасцi на курсы, то тады мая жонка магла б пажыць у сваёй вёсцы, а пасля была б пасада, i ўсё было б добра i спакойна. Мой дарагi, пастарайся мне зрабiць кар'еру жыцця, у iншым выпадку я канчаткова прападу. Так я цяпер нуджуся i так у мяне цяпер горка на сэрцы, што я не магу перажыць i не ведаю, дзе мне дзецца. Ваця ж i Клаўдзя рады, што мне нядобра. Жонка жыве ў суседкi, а я дома нi госць, нi гаспадар. Забралi яны ўсё ў свае рукi. Прывядзiце мяне да спакойнага жыцця, i я буду лiчыць вас да дошкi труны свае маiм ласкавым другам. Добра было б атрымаць ад вас адказ дзён праз 8-10, бо калi пазней, то я не ведаю, што яны са мною зробяць. Пiшыце мне на iмя брата майго Ўладыслава, бо дома яны перахвацяць лiст. Яшчэ раз прашу вас, дарагi мой, не пакiньце без увагi мае просьбы".
"Прывесцi яго да спакою жыцця?!"
I я нiчога не напiсаў яму. Я сам меўся ехаць туды i думаў сам пастарацца як-небудзь пераканаць яго, што нiколi ў канцылярыях камiсарыятаў i iх аддзелаў я не буду такiм аўтарытэтным, каб дапамагаць каму-небудзь заняць пасаду.
Лiсты гэтага старога чалавека наводзiлi на мяне думкi аб усякiх трагедыях чалавечых, аднак адзiн з маiх знаёмых, якому я для практыкi вывучэння ўсяго, што толькi можна вывучаць, пачытаў гэтыя лiсты, сказаў мне, што чалавек гэты - вузкi эгаiст i па-дурному разумее жыццё. Перш за ўсё, для яго няважна шырыня настаўнiцкае працы, ён проста думае аб тым, каб як самому зачапiцца за што ў жыццi. Апроч гэтага, ён як iндывiдуум супярэчыць прыроднаму ўстанаўленню: ён жа пражыў сваё жыццё, даўно адкрасаваў, а тым часам усе звесткi гавораць, што ён iмкнецца парушыць устаноўлены ход падзей, задумаўшы нанава пачаць жыць. Тут толькi амалажэнне магло б утварыць парушаны парадак. Ён падобны да таго старога дупляватага дрэва дзе-небудзь у садзе, якое, высахшы ўсiм галлём сваiм, пачынае пускаць пасынкi з пня i карэнняў. Пасынкi растуць густа i не ў належную меру, глушаць адзiн аднаго, гусцяцца там, дзе самая густата шкодзiць iх жа росту, i рэдка растуць там, дзе можна б i гусцей расцi. Калi iх не абрэжуць або не зрэжуць зусiм дрэва, яны пачынаюць разрастацца не як пладовае дрэва, а як дзiкая прырэчная вярба, што расце зараз i голлямi, i карэннямi. I от само дрэва падобнае ўжо на куст, праўда, зялёны i купчасты, але бясплодны i некарысны ў садзе. А вакол растуць маладзенькiя шчэпы, што прышчэплены некалi былi ад гэтага самага дрэва, калi яно было яшчэ здаровым i давала плады. Блiжэйшыя шчэпы цяпер глушацца гэтым раскушчаным дупляватым дрэвам, расцi iм тут невыгодна, бо частку сонца засланяе сабою непатрэбны куст пасынкаў.