Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 64

Іван Чыгрынаў

І ўсё ж Чубару давялося на нейкі час пакінуць зацішны будан.

— На каня гляну, — сказаў ён капітану, які насцярожана павёў за ім вачамі.

Конь тым часам неспакойна варочаў галавой, быццам у нецярплівасці, але стаяў на месцы. Чубар падышоў да яго, спыніўся заклапочана: сапраўды была поўная нявыкрутка. Тады Чубар рашыўся на самае простае — падвёў каня да будана і ледзь не тыцнуў яго мордай у яловыя лапкі.

— Пастой тут, — сказаў ён каню.

Калі Чубар зноў забраўся ў будан, там ужо варушыўся палкавы камісар. Капітан перад сном падаўся праверыць пасты.

— А што вы наогул збіраецеся рабіць? — спытаў у Чубара палкавы камісар.

— Пайду з вамі, — адказаў Чубар. — Там, у Журынічах, збіраюць апалчэнцаў.

Палкавы камісар доўга маўчаў.

— А вы лічыце, што біць фашыстаў можна толькі ў апалчэнні? — зноў парушыў ён цішыню.

— Чаму ж, — не зразумеў Чубар, — у арміі таксама... мусіць, яшчэ лепш. Але тады, у Пёкліне, мяне чамусьці не ўзялі ў армію, накіравалі ў Журынічы, у апалчэнне.

— Я не пра тое, — сказаў палкавы камісар. — Вы пра партызан чулі?

— Чытаў у газеце, здаецца, у «Правде», а можа, у «Известиях», двух нашых беларусаў з Палесся нядаўна ўзнагародзілі. Герояў Савецкага Саюза далі. Але прозвішчаў я не запомніў.

Палкавы камісар адшпіліў на гімнасцёрцы кішэню, дастаў двума пальцамі складзеную паперку і падаў у цемнаце Чубару.

— Гэта скарочаны тэкст прамовы таварыша Сталіна, якую ён сказаў трэцяга ліпеня, — растлумачыў камісар. — Тут пра ўсё сказана. Пра партызан таксама. І вас як немабілізаванага камуніста гэта датычыць у самай вялікай ступені.

Чубар слухаў.

— Ведаеце, што я зрабіў бы цяпер на вашым месцы? — працягваў гаварыць палкавы камісар. — Вярнуўся б у свой калгас. Там вас добра ведаюць.

— Але ж тое, што мяне добра ведаюць, можа, таксама... Хто-небудзь возьме да выдасць немцам.

— Усё будзе залежаць ад вас.

— Але ж для партызан там, мусіць, пакінулі людзей? — выставіў тады самы важны аргумент Чубар. — Каб я таксама патрэбны быў, то...

Камісар не запярэчыў, але і адказаў не хутка.

— Мне цяжка меркаваць, — нарэшце пачаў ён, — што ў вас там, у раёне, адбылося. Але я перакананы, што ў вашай мясцовасці таксама нехта астаўся для арганізацыі партызанскага руху. Вы ж самі разумееце, раён ваш крайні на паўднёвым усходзе рэспублікі. Пакуль фашысты захапілі яго, колькі часу прайшло. Цяпер жнівень, а вайна пачалася ў чэрвені. Гэта не тое, што на граніцы альбо паблізу. Там маглі і не паспець стварыць партызанскія групы. А ў вас справа іншая. Вашаму кіраўніцтву часу хапала, каб выканаць дырэктывы партыі і ўрада. А дырэктывы былі пэўныя. — Камісар паляжаў у маўчанні, быццам думаў, што яшчэ сказаць Чубару, а тады ўсміхнуўся і з захапленнем у голасе вымавіў: — А з партызанамі мы з капітанам бачыліся не адзін раз. Асабліва за Дняпром. Яны там пастрэльваюць ужо немцаў!

Камісаравы словы, здавалася, пакуль не краналі за жывое Чубара. Ён успрымаў іх як нешта такое, што абыходзіла яго. І ўжо зусім ненаўмысна пацікавіўся: