Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 63

Іван Чыгрынаў

Чубар падзякаваў за ежу і пачаў апавядаць, але таксама збольшага, пра свае вандроўкі. Тады камісар папрасіў не спяшацца, гаварыць падрабязна. Калі Чубар паступова дайшоў у расказе да таго месца, як яны са Шпакевічам і Халадзілавым апынуліся ў Пёкліне, камісар раптам заварушыўся і кінуў маўкліваму капітану, што стаяў крокі за два:

— Карту!

Той хуценька дастаў з перакінутай цераз плячо планшэткі тапаграфічную карту, паклаў камісару на калені, а сам укленчыў побач.

— Мы прыкладна так і меркавалі, — паглядзеў палкавы камісар на задумлівага і стараннага капітана.

Капітан зрабіў на сваім твары нешта падобнае на ўсмешку, кіўнуў галавой.

— М-да, — задумліва прамовіў тады палкавы камісар, — па сённяшняй кананадзе можна было меркаваць...

Абое — і палкавы камісар, і капітан — колькі часу не адводзілі вачэй ад разгорнутай карты.

— Значыць, у Пёкліне нашы? — удакладніў палкавы камісар.

— Былі нашы, — адказаў Чубар.

Палкавы камісар выставіў руку. Капітан выняў з планшэткі металічную лінейку. Палкавы камісар памераў ёю нешта на карце, задумаўся.

— Ну што ж, — паглядзеў ён на Чубара, — калі вашы звесткі дакладныя, то мы ўжо, лічы, дома!

— Вы заходзілі ў вёскі? — спытаў Чубара капітан.

— Ён жа конна ехаў! — пажартаваў палкавы камісар.

— Не, больш давялося ісці, — з адценнем сарамлівасці ўсміхнуўся Чубар.

— А конь?

— Гэта так... — памуляўся Чубар.

— А мы з табой, капітан, колькі тупаем, а вось не дадумаліся, — зноў з усмешкай сказаў палкавы камісар.

— Дык я хачу спытаць, — меў сваё ў галаве капітан, — вы калі ішлі праз вёскі, немцаў там не бачылі?

— Я абмінаў вёскі. Таму дакладна не ведаю.

— Вось што, — сказаў палкавы камісар капітану, — няхай байцы адпачываюць ужо. Заўтра выступім на самым світанні. І вам, таварыш Чубар, таксама трэба адпачыць. Вы сваё заслужылі... Ужо нават тым, што многа памяклі сёння на дажджы.

Капітан пайшоў да вогнішча аддаваць адпаведныя распараджэнні. Палкавы камісар паплюскаў стомленымі вачамі, пасунуў рукамі для зручнасці параненую нагу і зноў сказаў Чубару:

— Вы далучайцеся пакуль да маіх байцоў і адпачывайце. Думаю, што яны прымуць вас. А яшчэ лепей, лезце ў мой будан. Бярыце коўдру і накрывайцеся. Будзеце пакуль як у бога за пазухай. А мы з капітанам пасядзім. Трэба распрацаваць на заўтра маршрут. — І дадаў: — З вамі мы пасля таксама пагаворым яшчэ. Вы не супраць?

— Не, — сказаў Чубар.

Байцы раскінулі нагамі вогнішча, каб не выдала ўначы, і паляглі ў буданах.

Небяспекі вялікай не чакалі — з чатырох бакоў вакол лагера стаялі пасты.

Чубар таксама не ўтрымаўся ад спакусы — падаўся ў будан.

Знадворку было чутно, як гаманілі паміж сабой палкавы камісар і капітан. Слоў іхніх нельга было разабраць. Да таго ж Чубар і не намагаўся рабіць гэтага. Ён ляжаў і не ведаў — ці то яму сапраўды засынаць, ці дачакацца палкавога камісара. Але неспадзявана з’явіўся новы клопат: падумалася, што непрывязаны конь можа сысці куды ўначы. Хоць Чубар і не ведаў, ці патрэбны яму будзе заўтра гэты конь, аднак ламаў цяпер галаву сабе над тым, як можна даць рады: не хапала самай простай рэчы — добрай вяроўкі ці нават звычайнай аборкі.