Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 29

Іван Чыгрынаў

Рэдкія, але буйныя кроплі дажджу падалі на чорную сцежку, вытаптаную паўз платоў, лапаталі на гародах па бульбоўніку і гарбузоўніку, збівалі прыдарожны пыл з падтынніку — чортавага серабра, што не паспела адцвісці і да гэтага часу.

Буслінае гняздо, якое ўзвышалася на бярозе ля могілак, таксама было атулена хмарамі. Яно то вынырала з іх на кароткі час, і тады было відаць, як стаяла там старая бусліха, што прылятала каторы год на гняздо, то хавалася зноў ад вачэй.

— А вы таксама, — сказаў з дакорам Зазыба, — прыйшлі на работу! Але самі хоп на пасядзенне, а баб на канюшню паслалі. Няхай тыя раскрадаюць калгасную маёмасць, а мы, маўляў, ні пры чым.

— Дак яно ж... — памуліўся Парфён Вяршкоў. — Чубар недзе сышоў, а ты во... бытта і не гаспадар цяпера ў калгасе. Як зганяў тых кароў, дак не толькі самога на вёсцы не відаць, але нават голасу не чутно. А час не чакае. І немцы, ты сам кажаш, у Бабінавічах, да і... жніво пара пачынаць. Другі год дак мы ўжо, лічы, канчалі такімі чысламі. А тута, як наўмысля, еты год бытта адно да аднаго. К таму ж Раман, мабыць, праўду казаў, калгасаў немцы не дапусцяць больш. Так што...

— Але не Раману калгасным дабром распараджацца, — са злосцю сказаў Зазыба: сваёй галавой ён разумеў, што Парфён Вяршкоў, гаворачы пра ўсё, меў пэўную рацыю, і клопат быў недарэмны, але сам пакуль не здольны быў ні растлумачыць што-небудзь з таго, што хвалявала людзей у Верамейках, ні зрабіць правільна, каб вырашыць, па сутнасці, неадкладную і надзённую справу, бо не было самае яснасці на яе.

— Вы, мабыць, пачапаліся ета на канюшні з Раманам? — усміхнуўся Парфён Вяршкоў. — Бачу, спярша Раман прыскочыў да нас, як укушаны, пасля ты ідзеш. Па твары відаць, што паміж вас нешта адбылося. Да і маўклівасць твая. Прасядзеў амаль без языка, як той Раманаў татарын. А дарэмна. Мне во давялося гаварыць з ім і за цябе, і за сябе адным часам.

— Я гэта зразумеў, — нібыта жартам сказаў Зазыба.

— А Раман, аказваецца, хітры, — выціраючы рукавом твар ад дажджу, разважаў Парфён Вяршкоў. — Разумее, што свавол можа плачам скончыцца. Таму нейкага татарына хоча падставіць, а сам пры ім — як кажуць, і з мукою, і не пыльна.

— Цяпер усякае г... усплываць будзе, — уздыхнуў Зазыба. — Як у вялікую паводку. Вада сляпая, яна нясе, што патрапіць. Але скажы, мусіць, ты выдумаў цяпера і пра Брава-Жыватоўскага, і пра Драніцу?

— Стану я выдумляць?

— А ўначы я падумаў, што ты проста бурчыш, — сказаў Зазыба. — Але чаму не гаварыў тады ясна, без намёкаў? Мы б іх падаставалі са столяў!

— А то сам не ведаў?

— Каб жа!

— Шкада ўсё ж, чалавек, што ні кажы. Але і я пра Брава-Жыватоўскага не здагадваўся, — прызнаўся Парфён Вяршкоў. — Думаў, адзін Раман Сёмачкін уцёк. А тады бачу ўранні — і Брава-Жыватоўскі ў Верамейках.

— А можа, і яшчэ хто?

— Не, мабыць, яны адны. — Парфён Вяршкоў колькі часу прайшоў моўчкі, пасля зноў загаварыў: — Яно вядома, жыць хота ўсім. Але ж вон іх колькі, з усяе вёскі мужыкі пайшлі па мабілізацыі, а ў Верамейках апынуліся толькі Раман да Брава-Жыватоўскі.