Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 28

Іван Чыгрынаў

Быў сярод папер ліст і на старшыню Верамейкаўскага сельскага Савета Ягора Піліпчыкава. Паслухалі і той з вялікай і непадробнай сялянскай цікавасцю.

— А еты ўжо пра дзядзьку Дзяніса, — сказаў Іван Гаманькоў праз нейкі момант, адшукаўшы запісаны буйнымі літарамі ліст з вучнёўскага сшытка.

— Чытай! — падбадзёрылі хлопца дзядзькі: ім нечага ажно смешна было слухаць, як пісаў Драніца пра сваіх аднавяскоўцаў. — Што ён тама пра Зазыбу піша!

Але Гаманькоў адно азіраўся на Зазыбу.

— Нічога, чытай, — наступіў падлетку на нагу Парфён Вяршкоў.

Тады Зазыба пакруціў галавой, усміхнуўся.

— І любіце ж вы... — але не дагаварыў да канца сваю думку.

«Сапшчаю, — пачаў чытаць Іван Гаманькоў, — што паследнія ўрэмя я наглядаў за нашым заўхозам Зазыбам Дзянісам Я., каторага тры гады знялі з прысядаціля і паставілі Чубара. Д. Я. Зазыба маўчыць, але ёсць людзі, якія не вераць яму, патаму што ён не п’ець. У далейшым буду таксама атпісваць Вам і пірыдаваць ціраз маю бабу, бо яна возіць па пятніцах у раівон сліўкі з гуцянскага сіпаратара. К сяму — Нікіта Ляксеявіч Драніца».

— Як той рашпіль, — пакруціў галавой Іван Падзерын і перадражніў Драніцу: — К ся-му Ні-кіта Ляя-ксеявіч... Хто б падумаў?

— Дак ён жа пра Дзяніса не вельмі каб, а? — павадзіў па ўсіх вачамі Сілка Хрупчык.

Тады зарагатаў Раман Сёмачкін:

— Здаецца ж, як той сабака, ніколі бліноў не пёк, а цестам еў!

— А ты — рот нараспашку, — зрабіў дурнаваты твар Парфён Вяршкоў.

Раман Сёмачкін адчуў, што гаворка ад Мікіты Драніцы можа перакінуцца на яго, таму адразу надзьмуўся, хоць Парфён Вяршкоў, па сутнасці, нічога абразлівага не сказаў. Тым не менш Раман ужо назнарок чырванеў ад злосці, якая нібыта распірала яго і якую ён стараўся стрымаць у сабе.

Парфёну Вяршкову Раман Сёмачкін ужо не адказваў. Ён павярнуўся да Рахіма, буркнуў:

— Хадзем, а то... можа, тама немцы ўжо ў вёсцы, а мы...

— Яно й праўду кажа Раман! — нервова засмяяўся Іван Падзерын. — Пакуль мы сядзім тута, дак немцы, можа, да баб нашых!..

Але жарту ніхто не падтрымаў — Парфён Вяршкоў нездаволена спахмурнеў, правёў даланёй па сухіх губах; Сілка Хрупчык тым часам дастаў з-пад бярна вупраж на цэлага каня — хамут, сядзёлку, дугу — і сказаў падлеткам:

— Занясіце на канюшню.

— Дак жа ты збіраўся па клёпкі ехаць? — насмешліва глянуў на яго Зазыба.

— Куды цяпера паедзеш! — адвёў вочы Сілка Хрупчык.

Разыходзіліся ад стайні па два — спярша рушыў Раман Сёмачкін, павёў некуды свайго татарына, за імі падаліся дамоў Іван Падзерын і Сілка Хрупчык; Дзяніс Зазыба ішоў разам з Парфёнам Вяршковым — ім было ў адну дарогу.

Ужо капаў дождж.

Хмары цяпер чапляліся ледзь не за вясковыя стрэхі. Былі яны, як пашматаныя, плылі яшчэ не спрэс, часам пасярод можна было бачыць само неба.