Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 125

Іван Чыгрынаў

Але ў гэты час Брава-Жыватоўскі большую злосць усё ж меў на старасту, які вытурыў яго з царквы.

— Я яго прыхвачу яшчэ дзе-небудзь! — пакінуўшы ў спакоі Зазыбу, пачаў ён пагражаць царкоўнаму старасту. — Будзе ён у мяне, як уюн той у кашы, круціцца!

Нарэшце Брава-Жыватоўскі пачаў зусім астываць — лаянка, мусіць, задаволіла яго, і ён узяў у рукі вінтоўку, якая ляжала дагэтуль на каленях, паклацаў, як для застрашэння, затворам.

І Зазыба, і Брава-Жыватоўскі ехалі на адной драбіне, седзячы спіной да заходзячага сонца, і Зазыба мог назіраць за паліцэйскім нават па цяні, што неадлучна поўз па зямлі, то выгінаючыся на канавах, то выпростваючыся зноў на роўным полі.

За местачковым садам — яшчэ даўнім, панскім, пачаліся калгасныя засевы.

— Сёлета, чорт вазьмі, можам застацца без хлеба! — сказаў раптам з сялянскім сумам у голасе Брава-Жыватоўскі.

Зазыба кіўнуў галавой.

А Брава-Жыватоўскі загаварыў далей:

— Гэта каменданта толькі не было сёння на месцы, а то б можна было ўсё вырашыць нават у мястэчку. Праўда, у нас была ўжо гаворка пра Верамейкі. У яго зроблены поўны расклад на ўсю воласць — недзе неўзабаве павінен прыехаць і да нас, у Верамейкі. У нас таксама, як і ў Бабінавічах, калгаса не будуць дзяліць. Так што, Зазыба, можаш яшчэ застацца на сваёй пасадзе. Нават на павышэнне можаш разлічваць. Твае камуністы скінулі цябе са старшыні, а немцы могуць паставіць.

— У вёсцы цяпера, мусіць, знойдуцца ахвотнікі і без мяне старшынёй быць, — усміхнуўся Зазыба. — Той жа Мікіта Драніца...

— Ну, Мікіта яшчэ не дарос,— адчуўшы Зазыбаву іронію, сур’ёзна запярэчыў Брава-Жыватоўскі.

— Ды й ты во чым не старшыня?

— Але я так лічу, што паставяць цябе, — усцешаны Зазыбавай увагай, сказаў памяркоўна Брава-Жыватоўскі. — У Бабінавічах жа пакінулі Абабурку. Не паглядзелі, што і пры Саветах быў. Так што, на ўсякі выпадак, рыхтуйся. А мне старшынёй няма чаго хацець. Мне і так няблага будзе. Набяру вось паліцэйскіх, арганізую стан у вёсцы. Камендант жа ставіць гэта за самае галоўнае перада мной. Думаю, што Раман Сёмачкін пойдзе, можа, Сілка Хрупчык...

— Дак ён жа сухарукі!

— Нічога, вінтоўку ўтрымае, — няйначай, падбадзёрваючы сябе, кіўнуў Брава-Жыватоўскі. — Ты, бачу, ужо лічыш, што акрамя цябе ды Чубара ў Верамейках няма каму і ў начальніках хадзіць? Другія таксама не лыкам шытыя. Толькі не ўсім шанцавала. Табе, напрыклад, твой ордэн памагаў, а Чубара проста аднекуль прывезлі. Нават не спыталіся ў нас. Але я яго апошнія дні ўвесь час пільнаваў. Хацеў на мушку ўзяць.

— Ты от што, — зрабіўшы выгляд, што прапусціў міма вушэй самыя апошнія словы, сказаў Зазыба, — ты дарэмна прысылаеш да мяне Драніцу. Я табе сам скажу. Ордэн я здаў у Хатынічах. Так што...

— А я Драніцу не пасылаў, — раптам пачаў адмаўляцца Брава-Жыватоўскі.

— Не паверу ж я, што яго падбіў на гэта бабінавіцкі камендант. Да й...

Брава-Жыватоўскі адчуў, што Зазыба пачне сарамаціць, як таго вулічнага блазнюка, таму натапырыўся ўвесь:

— Толькі не надумайся пагражаць!

— Я табе не пагражаю, але...

— Што — але? Што — але? — заёрзаў Брава-Жыватоўскі. — Сіла і права цяпер не ў цябе, а ў мяне! Улада перамянілася! Як кажуць, станцыя Беразай!