Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 123

Іван Чыгрынаў

Зазыба меў намер праехаць міма, тады паліцэйскі пайшоў напярэймы.

— Куды ездзіў?

— Пляменніцу вазіў, — адказаў Зазыба.

— Цяпер павязеш мяне!

— А мне абы ў дарогу, — Зазыба пасунуўся на возе, даючы месца.

Але Брава-Жыватоўскі не спяшаўся скочыць на воз: карцела паказаць Зазыбу, што ў мястэчку ў яго важныя справы і што ён яшчэ не паспеў іх зрабіць усе.

— Трэба да каменданта заглянуць, — сказаў ён з выразнай знарочыстасцю.

Пакуль Брава-Жыватоўскі ішоў — і таксама быццам напаказ — да камендатуры, якая размяшчалася ў былым будынку сельскага Савета (гэта адразу цераз базарную плошчу, непадалёк ад местачковай бальніцы), Зазыба цяжкімі вачамі глядзеў яму ў спіну.

«Каб ён хоць не сказаў там чаго пра мяне каменданту, — падумаў Зазыба пра Брава-Жыватоўскага. — Тады пачнецца!.. Лацвей ужо ў сваёй вёсцы адказваць на ўсё і за ўсё».

Яму самому не хацелася бачыць Гуфельда нават краем вока: ужо ён пазбавіць ад ілюзій і сялянскай цікаўнасці — гэта па меншай меры — адносна дзівакаватага нямецкага каменданта; брыдка было нават прызнацца, што магла займаць яго думкі «загадкавая» камендантава асоба.

Сонца ўсё больш хілілася за мястэчка, і цені, што кідалі ад сябе купалы местачковай царквы, датыкаліся, быццам дзіды, кончыкамі крыжоў да сцен аднапавярховага будынка, у якім да вайны была кантора сельскай спажывецкай кааперацыі.

Зазыба пасядзеў трохі, чакаючы ў камендатуры Брава-Жыватоўскага, затым прывязаў лейцамі каня да ліпы, а сам надумаўся зайсці ў царкву — якраз яе не зачынілі яшчэ пасля сённяшняга богаслужэння. Над брамай кінуліся ў вочы пачарнелыя ад даўняе пазалоты лічбы — «1842»: у наступным годзе бабінавіцкай царкве мелася быць сто гадоў.

Царква была распачата будаўніцтвам у тую вясну, калі бабінавіцкія паны святкавалі другі век свайго (ні графскага, ні княжацкага) роду. І хоць большая частка паноў з гэтага роду належала да католікаў, у тым ліку і сам заснавальнік, на памяць аб якім і задумвалася будаўніцтва, але ў Бабінавічах жыла якраз тая частка роду, якая па прычыне змешаных шлюбаў была абруселая і праваслаўная, таму ўзводзіць намеркавана было ў мястэчку не касцёл, а царкву-храм.

Будавалі яе некалькі гадоў. Рабочыя рукі, цягло, збольшага нават будаўнічы матэрыял — гэта было сваё, мясцовае: сяляне хадзілі і ездзілі на будаўніцтва, як і на іншую паншчыну. Бадай, аднаго галоўнага архітэктара давялося выпісваць у Бабінавічы аднекуль. Час не захаваў яго прозвішча, але царква была пабудавана ў традыцыйным візантыйскім стылі і сваімі пяццю купаламі, ці, як іх называлі ў забесяддзі, булавамі, нагадвала здалёку вядомы Успенскі сабор.

Працавала царква ў Бабінавічах восемдзесят гадоў, пакуль апошні местачковы поп, адданы прыхільнік патрыярха Ціхана, не быў пасаджаны на лаву падсудных за супраціўленне дэкрэту «аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў...».

Першае, што Зазыба пабачыў у сярэдзіне царквы, была вялікая ікона цудатворнай багамацеры. Яна стаяла па правы бок ад царскіх варот. Перад іконай гарэлі тонкія свечкі з воску. Некалькі жанчын стаялі на каленях і, хрысцячыся, шчыра клалі зямныя паклоны. У царкве панавала ціша, як у скляпенні, пахла гарэлым воскам. Трымаючы шапку ў руцэ, Зазыба падышоў блізка да жанчын, якія цалкам былі захоплены маленнем, і спыніўся насупраць цудатворнай. Доўга глядзеў на твар багамацеры — здаецца, першы раз за сталае жыццё свядома і з непадробнай цікавасцю ўзіраўся ў святыя рысы, нібыта хацеў разгадаць тайну тае неадольнае сілы, якая выклікала малітвы людзей.