Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 40
Уладзімір Дамашэвіч
«Чаго плакаць? — здзіўляўся Русіновіч.— Без работы ж нікога не пакідаюць».
Яго выклікалі недзе ў сярэдзіне, калі палова курса была ўжо размеркавана.
Ён увайшоў з робленай смеласцю, абвёў вачыма камісію, але ад хвалявання нікога не бачыў — плавалі перад вачыма сілуэты людзей, і толькі.
Яму прапанавалі сесці, для гэтага было крэсла перад доўгім сталом камісіі.
Камісію ўзначальваў прарэктар па навучальнай частцы Сарока. Перад ім ляжалі нейкія паперы, у якія ён заглядваў. Ён і пачаў задаваць пытанні па біяграфіі. Але якая ў Русіновіча біяграфія?
— Калі ўступілі ў камсамол?
— У сорак чацвёртым годзе.
— Дзе былі ў час акупацыі?
— Дома, пры бацьках.
— Колькі вам было год?
— Пачалася вайна — трынаццаць...
— А бацька дзе быў?
— У час акупацыі? Дома... Пасля вызвалення — у арміі.
— А дзе цяпер?
— Цяпер у шпіталі інвалідаў вайны ў Брэсце.
— Што, ён вайсковы?
— Не, ён інвалід вайны другой групы.
— Зразумела. Я загледзеўся на ваш кіцель. Што гэта — любоў да вайсковай формы?
Русіновіч густа пачырванеў.
— Гэта... беднасць.
Тут голас падаў нехта з камісіі — Русіновіч расплыўчатым позіркам ледзь улоўліваў яго няясныя абрысы.
— А з блізкіх, са сваякоў — ніхто не супрацоўнічаў з акупантамі?
Гэта ўжо пачынала злаваць Русіновіча.
— Ніхто,— суха адказаў ён.— Наадварот, на фронце і ў партызанах загінула пяць маіх дзядзькоў — толькі з матчынага роду.
— Зразумела,— буркнуў той, што пытаўся.
— Яшчэ якія пытанні? — звярнуўся да ўсіх прарэктар.
Пытанняў больш не было.
Русіновічу здалося, што прайшла цэлая гадзіна, пакуль яго распытваюць невядома аб чым, а пра галоўнае — ні слова.
Але вось, здаецца, доўгая уверцюра скончылася. Прарэктар яшчэ раз перагартаў асабістую справу, прабег вачыма нейкую паперу, што ляжала справа ад яго, пашаптаўся са сваім суседам, мажным брытагаловым мужчынам з чорнымі калматымі бровамі і вялізным носам, пасля неяк нязвыкла ветліва звярнуўся да Русіновіча :
— Вы даруйце, Рыгор Мікалаевіч, але я хачу папрасіць вас выйсці на адну хвіліну... Толькі на адну хвілінку.
Русіновіч неяк механічна ўскочыў на ногі. Яму стала раптам горача.
— Калі ласка, я выйду.— І ён няўпэўненым крокам накіраваўся да дзвярэй. За яго плячыма панавала маўчанне.
У прыёмнай яго сустрэлі крыкам:
— Што цябе так марынавалі?
— Куды піхнулі? На якую планету?
— Ці давалі выбіраць?
— Чаго ты такі — нібы пакрыўджаны?
Яму не давалі раскрыць рота.
— Цішэй, дайце чалавеку сказаць слова!
Русіновіч не ведаў нават, што сказаць.
— Мяне выгналі.
— Што ты вярзеш? Ты выйшаў падумаць?
— Не, я выйшаў, а яны думаюць.
— Гавары толкам, Стары! — закрычаў Ярошка.
— Цішэй, дайце ім падумаць,— супакоіў усіх Русіновіч.— У іх важная нарада, яны не ведаюць, куды мяне піхнуць.
— Праўда? А што яны распытвалі?
— Пераважна па біяграфіі.
— Пра акупацыю? Ці вучыўся пры немцах?
Русіновіч не паспеў адказаць. Яго паклікалі ў камісію.
Адчыніў дзверы і пачуў абрывак фразы:
— ...не ананімная, а ёсць подпіс.
Да яго нібы нешта пачало даходзіць, але не было часу думаць, бо зноў запрасілі сесці і гэтак жа сама ветліва, як і першы раз, звяртаючыся па імені і імені па бацьку, прарэктар сказаў, што яму, Русіновічу, ёсць магчымасць выбіраць: Баранавіцкую ці Маладзечанскую, паколькі ён сам з былой Заходняй.