Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 42

Уладзімір Дамашэвіч

Яму падабаліся песні сумныя, журботныя, з роздумам і тугой, з жальбой на чалавечы лёс, як вось гэтая венгерская песня «Журавы». Колькі тут глыбокага пачуцця, якая чыстая душа сумуе, што яе абмінула простае чалавечае шчасце, што не звіла яна сабе гнязда, што засталася адзінокай! Сумны крык журавоў аддаецца ў яе душы, будзіць тугу. Але дзіва — яна не адчайваецца, не кідаецца ў роспач, не вінаваціць нікога ў сваёй адзіноце, яна толькі расказвае аб сваіх нязбытных марах — расказвае проста, сурова і шчыра.

І тое, што робіцца ў душы кожнага спевака, адбіваецца на яго твары. Лірычна-строгімі сталі дзяўчаты, сурова-ўрачыстымі зрабіліся хлопцы.

Каму, для каго спяваецца гэтая песня, каму прадракае лёс?

Нечакана дзверы адчыніліся, зайшоў выкладчык беларускай літаратуры Юскавец, па мянушцы Юс Вялікі. Быў ён невысокага росту, ужо трохі пачынаў паўнець, на галаве ясна абазначылася лысіна. Песня абарвалася, патухла. Ён зрабіў такі рух, нібы хацеў сказаць: «Прадаўжайце, я пачакаю» — і гатоў быў, здавалася, выскачыць за дзверы, але перамог сябе.

Сказаўшы «прабачце», ён ціха сеў за стол і пачаў даставаць з вялізнага жоўтага партфеля тоўстыя сшыткі — дыпломныя работы, або, праўдзівей, «загатоўкі» дыпломных работ.

Юскавец карыстаўся павагай у большасці студэнтаў, але былі і такія, што яго недалюблівалі. Ён не даваў спакою тым, хто несур’ёзна ставіўся да яго прадмета, з імі ён не цацкаўся. Затое тым, хто любіў літаратуру і хацеў яе ведаць, ён гатоў быў дараваць многае. Яшчэ на першым курсе ён гаварыў студэнтам: «Вы не на курорце, не ў адпачынку, не ў гасцях. За пяць год вы павінны ўзяць столькі, каб хапіла калі не на ўсё жыццё, то надоўга. Майце на ўвазе, што ў вашым жыцці гэта такі момант, які больш не паўторыцца ніколі: ёсць энергія, маладое здароўе, ёсць умовы вучыцца, ёсць многа часу,— умейце ўсё гэта выкарыстаць хоць напалову, і вы будзеце добрымі спецыялістамі».

Прыблізна з гэтага ён пачаў і цяпер. Ён гаварыў павольна, робячы частыя паўзы, нібы жадаючы падкрэсліць пэўнае слова, зрабіць на ім націск. Іншы раз, слухаючы яго, хацелася падказаць яму слова, перад якім і ён рабіў паўзу. Але дзіўна, што «падказка» — вядома, у думках — ніколі не супадала з тым словам, якое знаходзіў выкладчык,— ён не гаварыў трафарэтамі, якія на пісьме трэба браць у двукоссі. У яго заўсёды былі свае думкі, свае словы, хоць і не заўсёды гладка аформленыя. Тым больш ён імпанаваў Русіновічу, які сам нечым нагадваў свайго настаўніка — ці не такой вось сялянскай развагай і пошукамі «свайго» слова.

Пагартаўшы некалькі сшыткаў, Юс Вялікі адклаў іх убок і загаварыў:

— Вы добра спявалі. Я нават пастаяў ля дзвярэй, не хацеў перарываць, але падумаў, што песня можа пачакаць, а вось гэтая справа,— ён паклаў далонь на стос сшыткаў,— не пачакае. Я спадзяваўся, што ўсё будзе лепш, ажно вы мяне трохі расчаравалі. Многае з таго, пра што мы тут вам гаворым, праз адно вуха ўлятае, праз другое вылятае. Іншага і не скажаш, пачытаўшы...— Тут ён назваў некалькі прозвішчаў.— Я вас увесь час вучыў: думайце самастойна, думайце самі, не хавайцеся за цытаты. Казьма Пруткоў ці нехта ў яго духу сказаў: «Цытата — тая ж разынка ў хлебе, але ж нельга пячы хлеб з адных разынак». А ў вас на кожнай старонцы ўсё гэтыя падпоркі, мыліцы, шчыты. І ні адной свае думкі, ні аднаго свайго вываду. Што гэта? Думаеце, вас за сваю думку я пакараю, калі яна нават і няправільная? Не бойцеся свайго слова, будзьце смялейшыя. Не прывучайце сябе змалку да таго, каб за вас думалі,— гэта шкодна. І яшчэ: шкодна, калі думаюць адны, а робяць другія. Думаць карысна ўсім. Далей. Не ў ладах вы са стылем, ён у вас каструбаваты, неачэсаны, часам цяжка дабрацца да сэнсу. Адразу відаць — мала пішаце (ленаваліся пісаць лісты дадому!), мала чытаеце, а калі і чытаеце, то не ўслухоўваецеся, не ўчытваецеся ў фразу. Яна для вас не гучыць, як музыка. Інакш вы не прапусцілі б такіх няўклюдных выразаў... У тэксце гэта ўсё адзначана, паглядзіце ўважліва...