Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 38

Уладзімір Дамашэвіч

Гэта было падобна на апошні наказ. Сэрца малодшага Русіновіча разрывалася на кавалкі.

— Тата, што вы гаворыце! — закрычаў ён.— Я не хачу слухаць! Вы яшчэ паправіцеся... Дарэмна вы ўбілі сабе ў галаву! Так няможна! Што вы! Я не маю права быць шчаслівы адзін... Толькі разам з вамі... Бо вы дзялілі апошні кавалак хлеба на роўныя часткі... І цяпер яшчэ дзеліце!

— Ну добра... Супакойся,— змірыўся бацька.— Але запомні, што я сказаў. Мо болей часу не будзе...

Яны развіталіся цёпла і шчыра, як ніколі. Абодва ледзьве стрымаліся, каб не заплакаць.

— Пісьмы пішы, сынок! — крыкнуў ужо з падножкі бацька.

— І вы пішыце!

— Добра... Шчасліва табе закончыць навуку!

Бацька памахаў рукою, пасля выцер вочы.

Русіновіч прабыў дома яшчэ тыдзень. Ён не вылазіў з хаты, усё хадзіў з кута ў кут, пісаў. Праўда, заставался многа шурпатых ці недакладных мясцін, над якімі давядзецца яшчэ падумаць. Каб яшчэ тыдзень, дык і скончыў бы дыпломную, але атрымаў ліст з Мінска. Пісаў Ярошка. Русіновіч чытаў і смяяўся — Ярошка нібы вось тут стаяў перад ім і гаварыў у сваім жартоўна-сур’ёзным стылі:

«Здароў, Стары!

Даўно мы ўжо цябе не бачылі ў шэрагах нашай браціі. У мяне запала ў галаву такая на першы погляд недарэчная думка, а на самай справе, відаць, справядлівая, што ты ўжо забыўся, хто ты і што ты. Калі так, то я, грэшны, як стараста 77-га пакоя (месца твайго пастаяннага пражывання) і як два старасты пятага курса беларускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ (законны стараста Антановіч, як і ты, адседжваецца дома, у Слоніме, і я яму таксама павінен пісаць!) асмелюся асцярожна намякнуць, што ты ў сучасны момант усяго толькі бедны студэнт. Ты, можа, як за выратавальную сцяну, кінешся за сваю дыпломную,— маўляў, дзень і ноч працую, не перашкаджайце.

Ведаем мы цябе! Недзе там, можа, ужо ўнадзіўся да якой-небудзь Марусі, а тут гэтая самая Галя Мальцу не дае жыць — дзе падзелі Старога?

З гэтага ўсяго вынікае той просты, а праўдзівей, глыбакадумны вывад, што табе пара нас узрадаваць сваёй прысутнасцю на запыленым і адзінокім тваім ложку, што прытуліўся ў рагу 77-га пакоя, пацешыць нас сваімі гвардзейскімі вусамі (прашу не чапляцца да стылю — стыль самабытны, арыгінальны і, безумоўна, вышэй усякай крытыкі).