Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 36
Уладзімір Дамашэвіч
Каб не малодшы брат, мо і сказаў бы Русіновіч пра тое, што паклала мяжу паміж ім і Галяй. Хоць... Ён добра ведаў сваю маці. Яна асудзіла б яго, яна стала б на Галін бок, хоць і не ведала яе. Жанчына абараняе жанчыну...
— Не, мама, я не збіраюся яе ашукваць... Ды яна і не такая, што дасць сябе ў крыўду... Проста мы трохі чужыя людзі, яна часам не разумее мяне, я — яе. І мо таму, што яна расла зусім у другіх умовах, намнога лепшых, не бачыла гора... Ведаеце, адзін наш студэнт ажаніўся, узяў сабе жонку. Ён вясковы хлопец, просты, шчыры. Павёз яе да сваіх бацькоў. Яна прыехала, апранутая з іголачкі, у чорных пальчатках да локцяў, размаляваная, на высокіх корках, у чорных акулярах, паглядзела, як яны жывуць, закапыліла губы і сказала: «Ваня, збірайся, я тут не магу, тут, відаць, ёсць блохі».
Ну, і паехала. Як тады было тым бацькам? А яму самому? Праўда, я не думаю, што мая... знаёмая такая самая. Але ўсё можа быць...
Маці спахмурнела, задумалася, а пасля зноў ускінула вочы на старэйшага сына, пачала гаварыць — няйначай тое, што даўно накіпела:
— Ты, сынок, расказваеш, але, мусіць, не ўсё, нешта тоіш ад нас... Усе вы такія... Зося ўсё таілася ад нас, ніколі не гаварыла пра свае сакрэты. Усё сакрэты ды сакрэты. Сакрэты да дабра не даводзяць. Глядзі!.. І малы ад вас вучыцца... Прыйдзе са школы — слова не скажа, як яму там было. Ці яго лаюць, ці хваляць — мы не ведаем. А як ужэ што прыпрэ, улезеце куды па вушы, тады да бацькоў: памагайце, ратуйце. А каб вы адразу падзяліліся, сказалі, параіліся — мо і не было б ніякай бяды, мо ўдалося б абмінуць гора... Разумнымі вельмі сябе лічыце.
Маці гаварыла праўду. Русіновіч абапёрся падбародкам на руку, утаропіўся ў стол і маўчаў.
Спаць ляглі позна. Ад гарэлкі і ад усіх гэтых размоў у Русіновіча трашчала галава, душа была не на месцы. Ён доўга не мог заснуць.
...Пасля пайшлі дні за днямі. Брат хадзіў у школу, маці тупала ля гаспадаркі; натупаўшыся, лезла на чарэн пагрэцца і задрамаць якую гадзіну, а Русіновіч, забраўшыся ў чыстую палову хаты, пісаў сваю дыпломную.
Было холадна, ён апранаў бацькаў паўшубак, цёплы і лёгкі, хадзіў па хаце з кута ў кут, шукаў якую-небудзь фразу ці думку, пасля, запісаўшы яе стоячы, прыгнуўшыся над сталом, хадзіў зноў. Думка за думкай, сказ за сказам лажыліся на паперу. Калі стамляўся, работа ішла тужэй. Тады ён выходзіў на двор, браў вялізную драўляную лапату, якой некалі садзілі хлеб у печ, і расчышчаў снег ля хлява і ля студні, бо замяло здорава, як і кожны год. А то браўся рэзаць сечку. Сячкарня была яшчэ дзедава, старая, але спраўная. З малых год на махавым вялізным коле ён чытаў пукатыя лацінскія літары: «Роlапd Вrасіа Szаріrо». Калісьці ён разумеў толькі адно слова: браця — браты.
Яшчэ ён любіў калоць дровы. Тут было над чым пагрэцца, размяць адвучаныя ад працы мускулы.
Ухадзіўся з дровамі — папраўляў загарадзь у хляве, паіў карову, раўнаваў гной. Спачатку, як толькі прыехаў, работы, здаецца, не было відаць, а пасля яна нібы сама лезла на вочы: то тое, то гэта, і ўсё патрэбна зрабіць, хоць у хаце і лічыліся два мужчыны. Але што з іх узяць: адзін малы, другі стары, хворы. А свежаму воку лепш відаць. Матцы было лягчэй, брату таксама, ды і часу для работы Русіновічу хапала, бо хадзіць нікуды не хацелася. Паміма волі ён аддаляўся ад тых людзей, сярод якіх некалі рос. Былыя школьныя сябры, цяпер занятыя сваімі справамі, рэдка ўспаміналі пра яго, як і ён пра іх. У кожнага цяпер былі свае клопаты. Часамі, задумаўшыся, ён шкадаваў, што тое, чым жыў нядаўна, гадоў пяць назад, на вачах робіцца мінулым, старыя сцежкі зарастаюць травою, мяняюцца яго інтарэсы, на месца старых, здавалася, да смерці верных сяброў, з’яўляліся другія, бо, як ён пачаў цяпер разумець, сябра той, з кім ты робіш нейкую агульную справу. А хутка, ой як хутка, увесь уладкаваны за пяць гадоў парадак рассыплецца зноў, чакае гэтулькі новага і нязведанага...