Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 43

Таццяна Мушынская

– У час канцэрта прыйшла думка, што калі я цяпер не скажу, дык, можа, ніколі не адважуся… – Памаўчаўшы, ён перамяніў тон на больш цвярозы і дзелавы. – Надзя, я вось пра што абавязкова хацеў сказаць. Такі голас, як у цябе, дае магчымасць спяваць на лепшых сцэнах свету. Пройдзе некалькі гадоў, і думаць пра тое будзе позна. Можа, варта папрацаваць з іншым канцэртмайстрам? Іра – паненка мілая, але ў музыцы разумее далёка не ўсё…

Надзю пачаў душыць смех:

– Гэтым канцэртмайстрам будзеш, вядома, ты?

Але было відавочна, што яе іранічная рэакцыя яго не «праняла».

– Надзя, у цябе наперадзе такая будучыня! Сусветная слава…

– Ага! – насмешліва пацвердзіла яна.

– Я гэта адчуваю! Ты за капейкі выкладаеш у вучэльні паненкам, якія не дужа хочуць вучыцца і ў якіх няма ні голасу, ні артыстызму…

– Ну навошта так змрочна?

– Раней ты больш ездзіла за мяжу. Засталіся ж у цябе нейкія кантакты з таго часу? Трэба шукаць імпрэсарыа, які б штодня займаўся тваёй кар’ерай…

Надзін смех пераўтварыўся ў суцэльны рогат:

– На імпрэсарыа ты таксама вылучаеш сваю кандыдатуру? Андрэй зірнуў на яе – ці з сумам, ці са шкадаваннем:

– Я паеду. Ты стамілася. Такое напружанне, а тут яшчэ я са сваімі размовамі… Дарэчы, Алесіку ад мяне прывітанне перадавай!

– Цікава, дзе гэта ты з ім паспеў пазнаёміцца? – азадачана спытала Надзя. – Чаму я не памятаю?

– А ты часам разам з ім на рэпетыцыю прыходзіш!

Сапраўды, пакуль Надзя рэпетуе, Алесь звычайна лётае па калідорах вучэльні, а часцей філармоніі, дзе ў яго ўжо шмат знаёмых. Часам Надзя знаходзіць яго то ў касцюмернай танцавальнага ансамбля, дзе задаволеная касцюмерка прымярае на шчаслівага Алесіка якое-небудзь старадаўняе адзенне. А то ў бутафорскім цэху, дзе яны разам з дзядзькам Аляксеем разбіраюць зброю розных часоў і народаў, то ў абутковай майстэрні, дзе Алесік вучыцца ўпраўляцца малатком і забіваць цвікі.

– Мы з Алесікам ужо даўно пазнаёміліся і нават пасябраваць паспелі…

– А-а, па-мойму, я здагадалася. Няўжо на аснове агульных скрыпічных інтарэсаў?

– Не толькі. У нас з ім ёсць мара: летам выбрацца ў падарожжа на роварах.

– Шустрыя вы, аднак! За маёй спінай такія грандыёзныя планы будуюць… – У Надзіным голасе, магчыма, міжволі, прагучалі ноткі рэўнасці.– Хоць бы паведамілі!

– Я ж не ведаю, як ты да такой ідэі паставішся.

– I Алесь скрытны які! Ні слова, ні паўслова…

– Ну, можа, маці тваёй ён і паведаміў,– засмяяўся Андрэй. – Яе ён часцей бачыць, чым цябе.

– Дзякуй за камплімент маім педагагічным здольнасцям! Ты занадта шмат ведаеш! – Адчувалася, што Надзя крыху азадачана. – Шмат цікавага я пачула за гэты вечар…

– Алесь – сімпатычны хлопчык. І я вельмі яго люблю.

Можа, таму, што ён да цябе падобны? – засмяяўся скрыпач.

«Майму былому мужу і яго маці заўжды не падабалася, што сын з твару да мяне падобны. Можа, каб было іначай, Алег да сына цяплей ставіўся б і з’яўляўся часцей?» – пранеслася рэхам у яе думках.

– Надзя, я паеду. А заўтра абавязкова табе патэлефаную.

«Які імпэт! – насмешліва падумала яна. – Ад аднаго званка не дачакаешся, другі сам прапануе! Ну, ужо цяпер мой тэлефон ні на хвіліну замаўкаць не будзе. Вось табе і «манашка»… Так я хутка ў секс-бомбу ператваруся. Але зноў выслухоўваць сардэчныя прызнанні, як сёння, толькі па тэлефоне? Навошта? А што яму адказваць?»