Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 42

Таццяна Мушынская

Надзя ўхапілася за першую ж думку, якая прыйшла ў галаву, бо Андрэй выказаў уголас тое, што яшчэ блукала ў глыбіні яе свядомасці. Можа, доля ісціны ў тым была, але ісціны бязлітаснай. Калі пагадзіцца з ёю, дык ад пабудаванага Надзяй паветранага замка нічога не заставалася. Адбудаваць замак ізноў – на гэта ўжо не хапала ні сіл, ні жадання. Але з апошнімі спадзяваннямі Надзя хацела развітацца сама. І не прымала ніякай дапамогі.

I наогул, якое ён мае права? Яна і так вельмі доўга яго слухала! Даўно трэба было абарваць такія размовы… Надзя рашуча павярнулася да свайго паклонніка:

– Слухай, чаго ты лезеш у чужое жыццё? Я цябе прасіла?

Мы гэтую тэму закрылі! Ты разумееш – за-кры-лі! Я не буду ні з табой, ні з кім іншым абмяркоўваць… – Надзя хацела сказаць «Маэстра», але спахапілася, што з галавой выдасць сябе і ўласнае стаўленне да яго. І таму пасля паўзы дадала: —…ягоную музыку.

Андрэй відавочна не пакрыўдзіўся на яе словы.

– Цяпер разумею, адкуль у цябе на сцэне столькі эмоцый! Вулкан і шторм… Надзя, ты вельмі прыгожая, нават калі злуеш.

Скрыпач узяў яе руку, павярнуў далонню да сябе і ціха пацалаваў.

«Не, сёння нейкі ненармальны, вар’яцкі дзень! Божачка нешта пераблытаў. Штосьці сапсавалася ў нябеснай механіцы. I зрушылася ў касмічнай прасторы. – Надзя разгублена глядзела на даўняга знаёмага. – Па-мойму, я здагадваюся, што пачую далей…»

Усё яшчэ трымаючы яе руку ў сваёй, Андрэй пачаў гаварыць, гледзячы не на Надзю, а прама перад сабой:

– Вядома, ты можаш доўга смяяцца… Напэўна, трэба было даўно сказаць, але я… Баяўся, што ты рассмяешся мне ў вочы і нічога не адкажаш. А пакуль маўчу, застаецца нейкае спадзяванне…

«Бедны! Такія словы сказаць – усё роўна, што з высокага абрыву ў рэчку скокнуць, – пашкадавала яна. – Асляпляльныя імгненні палёту ты, вядома, перажывеш, а што будзе потым – застанешся жывы ці не – невядома…»

– Надзя, ты святы чалавек…

«Мой былы муж фармуляваў іначай – «манашка». Каб я расказала табе, як сохла без пацалункаў Маэстра, ты б так не думаў. Вось табе і «святая»! Але не скажу…»

– Надзя, я даўно цябе люблю. У мяне ўсе твае запісы ёсць…

«Фанат… Напэўна, сядзіць і слухае іх вечарамі. Як некалі раней я слухала да паўночы дыскі з творамі Маэстра…»

– Калі б ты толькі дазволіла, я б цябе ўсё астатняе жыццё на руках насіў…

«Ты толькі брывом павяла, а ён памчаў твае жаданні выконваць!» Дзе раней я чула такую думку? Але што большая пакута: калі ты крычыш у прастору, а цябе не чуюць, ці наадварот – слухаеш такія словы і не ведаеш, што адказаць. Якое ўсё-такі шчасце, калі ты любіш сам!»

«Ты падобны ўрок ужо атрымала, – запярэчыў унутраны голас. – Не памятаеш, што з гэтага атрымалася? Працяглая дэпрэсія!»

Нібы прачытаўшы яе думкі, Андрэй неяк не надта весела ўсміхнуўся:

– Я разумею, можа, пра мяне ты ніколі і не думала. Не кажы цяпер нічога. У цябе імя Надзея. Значыць, мне і застаецца надзея… Нічога выпадковага не бывае.

Усталявалася цішыня.

– Прабач, я нагаварыў шмат непатрэбнага…

– Не, чаму? Цікава было слухаць! – здаля, як рэха, адгукнулася яна.