Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 2

Таццяна Мушынская

I вось яна вярнулася дадому, бязмежна стомленая аўтобусным падарожжам, узбуджаная новымі ўражаннямі.

У вялікай дарожнай сумцы месціліся шматлікія сувеніры і падарункі, праспекты, шыкоўныя буклеты.

Калі, апусціўшы каля парога сумкі, пакеты, скруткі, яна зрабіла крок наперад, каб нарэшце ўзяць на рукі і прытуліць да сябе любімае дзіця, яе Алесік, які за гэты час прыкметна падрос і змяніўся… не пазнаў маму і спуджана схаваўся за бабуліну спадніцу. Праз некалькі імгненняў ён насцярожана зірнуў адтуль, не разумеючы, што хоча ад яго незнаёмая цётка. Бабулю ён цяпер называў мамай і ўсе свае маленькія і вялікія дзіцячыя клопаты вырашаў з ёю.

Сын забыў яе за месяц. Усяго – за месяц! Яна была для яго ніхто… Ніхто! Надзя ледзь не заплакала. Перапоўненыя канцэртныя пляцоўкі, гарачы прыём публікі, перспектывы новых гастроляў – усё раптам паблякла, зменшылася ў маштабе, зрабілася малазначным і нецікавым. Некалькі дзён яна хадзіла сама не свая.

– Ды не хвалюйся ты… – супакойвала яе маці.– Ён цябе забыў. Але ўспомніць. Дзіцячая памяць не такая трывалая, як у дарослага. Мама – гэта той чалавек, які штодзень побач. Той, хто варыць кашу, корміць, спаць кладзе, казку на ноч расказвае…

«Як мудра яна сказала: мама – гэта той чалавек, хто кожны дзень побач», – думала Надзя. І вырашыла, што пакуль Алесік не падрасце, далёка ад’язджаць не будзе. Іначай сын зробіцца чужы. Навошта тады долары і еўра? Мала, што мужа няма, дык і сына можна згубіць.

Праўда, Надзіна маці ўспрымала сітуацыю не так востра. Алесік паціху падрастаў, і Надзя пачала ездзіць ізноў. Спачатку недалёка ды ненадоўга, а потым усё часцей і далей. Бясконцыя гастролі і работа дапамагалі забыць усе непрыемнасці: матчыныя хваробы, якіх пад старасць збіралася ўсё больш, не дужа моцнае сынава здароўе, заўсёдную нястачу грошай, невялікую зарплату і неўладкаванае асабістае жыццё.

* * *

Сёння Надзя мусіла ўстаць раней, чым звычайна. Трэба было сабраць сына ў школу. Амаль заўсёды гэтым займалася бабуля. Тая шкадавала дачку, якая позна вярталася дадому то з рэпетыцый, то з канцэртаў, і вызваляла ад многіх хатніх турбот. Як тая пані, Надзя часам магла зранку ўволю паспаць. Калі толькі ў музычнай вучэльні, дзе выкладала вакал, ёй не ставілі ў расклад ранішнія заняткі.

Але цяпер маці паехала да Соні, роднай сястры. Надзіна цётка жыла ў абласным цэнтры, цяжка хварэла і цяпер ляжала ў бальніцы. Калі ў адзін бок – дзвесце кіламетраў і столькі – у другі, які сэнс выпраўляцца на два дні? Гаспадыню адпусцілі на тыдзень. Яна вернецца паслязаўтра, напярэдадні Надзінага канцэрта.

На вуліцы яшчэ прыцемак, у лістападзе днее позна. Ранішнія зборы ў школу – нібыта рытуал, калі з дня ў дзень усё ідзе па адным і тым жа сцэнарыі. Мяняецца толькі змесціва талеркі ды змест Алесікавых аповедаў пра тое, што ўчора здарылася ў школе. Цырымонія развітання ў іх нязменная. Напаследак абняўшы сына, Надзя зачыняе за ім дзверы.