Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 263
Ніл Гілевіч
Нейкае нядобрае, трывожнае прадчуваньне, зарадзіўшыся, пакуль яшчэ стаяў за трыбунай і сьпяшаўся дагаварыць даклад, цяпер разрасталася ў душы, запаўняючы яе даастатку. Гэтая абыякавасьць калегаў да найбалючага, да найгалоўнага, да лёсавызначальнага — нічога ўцешнага абяцаць ня можа, і калі яе не пераадолець, калі яе не пазбыцца — нас чакае самае горшае. Бо абыякавасьць — маці паразы.
Праз колькі месяцаў, у першыя дні верасьня, прынародна, з самай высокай дзяржаўнай трыбуны прагучала «навуковая» і палітычная «мудрасьць», якой і трэба было чакаць. А менавіта, на ўсю краіну было заяўлена, што для нашых паслуг ёсьць дзьве выдатныя, дасканала-разьвітыя, вялікія мовы — руская і англійская, на іх можна выказаць самыя глыбокія і складаныя думкі, а беларускаю моваю іх ня выкажаш, бо яна бедная, убогая, прымітыўная, і значыць — нічога ня вартая. Уся лепшая, элітная частка беларускай інтэлігенцыі проста не магла даць веры, што гэтая «мудрасьць» сапраўды прагучала, і была на нейкі час страшэнна агаломшана, каб не сказаць — паралізавана. Вось і спраўдзілася маё нядобрае, трывожнае прадчуваньне: у дзяржаве бярэцца курс на ліквідацыю дэмакратычных заваёў у галіне нацыянальна-моўнай палітыкі. Будзем вяртацца назад, у мінулае, да таго, што было — пры Сталіне, пры Хрушчове, пры Брэжневе, адпаведна — пры Панамарэнку, пры Патолічаве, пры Мазураве і іншых правадырах нацыі. Што будзе насоўвацца на наш беларускі небасхіл далей — прадбачыць ужо было няцяжка. І яно насунулася. І году не прайшло, як па волі ўсенародна-няшчаснага плебісцыту дзяржаўнымі ў Беларусі былі абвешчаныя дзьве мовы — апрача беларускай, і руская. А гэта азначала (і гэта разумелі нават школьнікі), што ў рэальнасьці дзяржаўнаю мовай у краіне становіцца адна — руская. Як і было задумана, як і планавалася па геапалітычнай стратэгіі Крамля.
***
Мінула дзевяць гадоў ад таго часу, як уся ўлада ў краіне — ні трохі нічым не абмежаваная, нават сумленьнем — апынулася ў руках аднаго чалавека. Дзевяць гадоў жыцьця — па ўказах і дэкрэтах, якія маю найсьветлую, найдарагую мару ўсё больш і больш ссоўвалі на мяжу роспачы. Маю — і нашага добрага, сьціплага, вытрывалага народу. Так, на працягу апошніх дзевяці гадоў пад небам нашай ціхамірнай Бацькаўшчыны адбываліся такія зламысныя падзеі, што нярэдка сапраўды было ўжо зусім блізка да роспачы. І аднак жа — надзея не пагасала, сьвяцілася, паблісквала — хоць як тая жывая жарынка ў цемры начы на датлелым, ачахлым вогнішчы. Не пагасла — і не пагасьне. Насуперак і наперакор усім нягодам.