Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 264

Ніл Гілевіч

У апошні час я шмат разоў сустракаўся і працягваю сустракацца з беларускай моладдзю — школьнікамі, навучэнцамі каледжаў, ліцэістамі, студэнтамі. І што ж бачу-заўважаю, што адчуваю-чую, што ўлаўліваю — як біятокі — ўсёю сваёю істотай? А тое — што Беларусь жыве і будзе жыць. З усім тым, што ёй належыць. І ў першую чаргу — са сваёй уласнай мовай — адной з самых прыгожых, самых жыцьцяздольных і самых персьпектыўных моў у сьвеце. Бачу і адчуваю гэта па тым, як маладыя людзі ня проста цікавяцца, а горача, і нават апантана горача жывуць яе лёсам — лёсам роднага слова.

Па тым, як выходзіць з грамады сяброў-аднакласнікаў падлетак гадоў пятнаццаці ці шаснаццаці і дэкламуе верш «Першая клятва», асабліва акцэнтуючы зьмест яго апошняй страфы:

А задумае вораг з чужога далёкага краю

Адабраць у мяне, зьнішчыць родную мову маю —

Не дазволю.

Ня дам.

Не прадам.

Не зьмяняю.

І да сьмерці за волю тваю пастаю.

Аўтару, калі ён у сакавіку 1947-га даў сабе і Радзіме гэтую клятву, было пятнаццаць з палавінай. Быў якраз у гэткім жа падлеткавым узросьце — самым парыўным да волі, да сьвятла, да праўды, самым акрыленым верай у будучыню.

***

На гэтым свой абрыс пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары я дачасна абрываю. Так распарадзіўся лёс. 24 ліпеня 2003 году ў маім асабістым жыцьці сталася вялікае гора: пасьля страшна пакутнай хваробы адышла на вечны спачын мая Ніна Іванаўна — мілая, любая жонка, нястомная, самаахвярная памочніца, мужная спадарожніца ў маіх жыцьцёвых клопатах і нягодах, чалавек на рэдкасьць жыцьцерадаснай, адухоўленай натуры, высакароднай, добрай і шчодрай душы, глыбокага, жывога, дасьціпнага розуму. Да сьвятасьці верная роднай мове патрыётка Беларусі, яна была прыродна таленавітым філолагам, дасканалым стылістам, мела надзвычай тонкае адчуваньне слова, а яшчэ і бездакорную памяць — і ў гэтых адносінах яе мне падмога была проста неацэнная. Увогуле ж, яна значыла ў маёй творчай самарэалізацыі так шмат, што цяпер, калі яе ня стала, я пачуўся катастрафічна бездапаможным. Тое лепшае, на што я быў здатны як пісьменьнік і грамадзянін, я мог рабіць таму, што побач была яна, яе слова, моц яе волі, нябесная чысьціня яе душы, яе вернасьць свайму паэту, яе сьвятасьць служэньня ідэі — нашай з ёю ідэі, нашай з ёю мары. Цяпер — усё рухнула. Усё. «Кар’ера» закончаная. Гэта і ёсьць прычына таго, што свой «абрыс пройдзенага шляху» я давёў толькі да сярэдзіны 90-х гадоў і пакідаю незавершаным. Усё перажытае мною «між роспаччу і надзеяй» — перажыта разам з ёю як адно непадзельнае жыцьцё, адзін лёс, і весьці апавяданьне далей — без яе прысутнасьці, без яе голасу побач, без яе рукі на маім плячы — не магу: зусім ня стала жаданьня. Як бы раптам страціўся сэнс усяе гэтае задумы. Спадзяюся, Усёлітасьцівы Бог мне даруе. Ну, а сябры-чытачы хай прабачаць, калі заўчасна пастаўленая ў гэтай споведзі кропка каго-небудзь з іх крыху засмуціла.