Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 26
Сергей Песецкий
Зазваніў тэлефон. «Каб ты зубамі званіў!» Пазнаю голас мэханіка Біняроўскага:
— Апараты Бадо сталі! Даць ток! Тэрмінова!
— Слухаю, — паказваю язык. — «Бадо»!.. Якая ж гэта група?.. Ага, шостая!
Мацаю кантакты на разьмеркавальным шчыце проста пальцамі. Ня шчыпле. Імчуся да шафаў. Засьцерагальны дрот спалены. Выпраўляю пашкоджаньне і правяраю групу вальтмэтрам. Працуе. Сіла току нармальная. Вяртаюся ў дзяжурку і падаю на канапу. «Ах, як прыемна: я ўжо карысны член савецкага грамадзтва!»
На ноч падсоўваю абабітую чорнай цыратай канапу да тэлефону, зачыняю дзьверы на ключ і спрабую заснуць. Але дзе там! Толькі заплюшчу вочы, бачу розныя паскудзтвы: першамайскі парад, палітрук Савеня, армянін з «Казьбеку». Не, не засну. Таму бяруся за пісаньне. Дванаццатая гадзіна. Учора ў гэты час я быў на Вайсковых могілках. У адной алеі, на лавачцы, засьпеў шчыльна сплеценую парачку. Адбывалася вытворчасьць будучых «безнаглядных».
У кішэні ў мяне былі зубіла і адмычка. Я знайшоў прыдатны для маіх мэтаў склеп. Пасьвяціў у акенца ліхтаром. Досыць прасторна. З правага боку на ўзвышэньні тры дамавіны. Зь цяжкасьцю адамкнуў заржавелы замок. Спусьціўся ўніз па сходах зь некалькіх прыступак. Усярэдзіне ціха, цёпла і суха. Налева стос пачарнелых дошак. Прычыніў дзьверы і вярнуўся на могілкі. Знайшоў паблізу добра схаваную лавачку і на ёй пачаў чакаць прыходу Антона.
Доўгі час наўкола панавала ціша. Урэшце, каля першай гадзіны, я заўважыў мужчыну ў скураной куртцы, які сьпехам ішоў алеяй. Калі ён падышоў бліжэй, я пазнаў па постаці Кралевіча. Два разы ціха сьвіснуў. Антон спыніўся і гэтак жа азваўся. Тады я выйшаў да яго з майго сховішча. Мы скіраваліся ўглыб могілак і там пачалі размаўляць.
Тонька прынёс мне дадатак да заданьня і расказаў шмат цікавых навінаў. Апроч таго, ён даў мне яшчэ грошай. Ён расказаў, што пазнаёміўся ў Ракаве з двума файнымі хлопцамі, таксама агентамі выведкі. Аднаго зь іх я знаў з выгляду. Гэта быў Пётар Паланеў, расеец, былы капітан царскай арміі. Другога я знаў з аповедаў калег. Ён пачаў працаваць нядаўна, але адразу стаў першакласным агентам. Ягонае прозьвішча было Харэўскі. Пра яго Тонька адгукаўся асаблівым захапленьнем:
— Хлопец — крэмень! Выглядае, як дзяўчына. Але якія вочы! І ўвогуле кляса. Толькі п’е ня надта. Табе трэба пазнаёміцца зь ім!
Тонька прынёс мне дзьве бутэлькі сьпірту. Адна была напалову пустая. Поўную я схаваў у склепе, а распачатую мы пачалі дапіваць да канца. Я сказаў Тоньку, што ў склепе, калі здарыцца непагадзь, будзе наш схоў, і даў яму адмычку. Зраблю сабе новую ў акумулятарнай. Тоньку схоў у склепе спадабаўся.
— Тут можна нават паспаць.
— Натуральна. Тут і ўдзень мала хто ходзіць, а ўначы зусім спакойна.
Антон хацеў як найхутчэй пайсьці з гораду, каб за рэшту ночы адысьці як мага далей ад Менску. Ён зьбіраўся наступным вечарам перайсьці мяжу. Таму пайшлі ў кірунку Слабодкі і там разьвіталіся, дамовіўшыся сустрэцца ў наступны панядзелак.
Я ўсё думаю, як бы мне знайсьці надзейнага чалавека, празь якога я б мог падтрымліваць сувязь з інфарматарамі ў іншых гарадох. Трэба самому вырывацца часам зь Менску і хутка адведваць інфарматараў. Добра, што хоць дзяжуру што чацьвёрты дзень.