Читать «Мая мілая ведзьма» онлайн - страница 6
Валерый Гапееў
— Зараз здарыцца!
— Што?
— Юр! Вяшчуй канец сусвету і трындзец заняткам!
Юрась цярпліва пачакаў, пакуль пад строгім позіркам настаўніцы сціхнуць крыкі, пачаў гаварыць з месца, зірнуўшы на матэматычку і атрымаўшы ў яе лёгкай усмешцы маўклівы дазвол на сваё тлумачэнне:
— У нашым класе васямнаццаць вучняў — у суме — дзевяць. Калі скласці гады нараджэння кожнага з нас, затым скласці лічбы атрыманага ліку, атрымаем дзевяць. Дзевяць — лічба нашага мноства. Кожнае матэматычнае мноства мае свой індэкс, калі хочаце, множнік, ступень, паказчык. Мы маем дзявятку. Сёння раніцай першы сустрэчны аўтамабіль меў у суме нумар дзевяць. Сёння — дзявяты дзень дзявятага месяца. Больш за тое, сёння дзявяты месяцовы дзень, неверагоднае спалучэнне.
— Але ж гэта проста лічбы, — хоць і паважліва, але з лёгкай паблажлівасцю ўсміхнулася матэматычка. — Калі захацець, патрэбную лічбу можна адшукаць у любым месцы.
— Ды не шукаў я лічбы! — падхапіўся Юрась, я ажно пахіснуўся ўбок. — Зараз — дзявятая гадзіна і сёмая хвіліна. Праз дзве хвіліны. Калі максімальная колькасць дзявятак супадзе.
— Мноства нашага класа наляціць на нябесную вось!
Але на гэты рэмікс вядомай цытаты ніхто не адрэагаваў.
Стала ціха. Ці не на ўсіх сталах засвяціліся тэлефоны. Дзве лішнія хвіліны сачкаваць — каму не хочацца? Пагатоў, можна добра гігікаць а 9 гадзіне 10 хвіліне. Я таксама дастаў тэлефон. Мне было не тое каб трывожна, але няўтульна. Я не мог дарэшты паверыць у Юрасёвы лічбы, але ж... Той матылёк сёння зноў сніўся мне. І я вынырнуў са сну, гэтым разам ужо крануўшыся тварам, адчуўшы холад вады ручая. Раней такога не было. І не было, каб так доўга ніяк не адпускала ад сну.
А дзявятай нуль дзевяць нічога не здарылася. Яшчэ хвіліну стаяла цішыня, а потым пачуўся лёгкі ўздых — то Віялета звярнула ўвагу ўсіх на сябе і роблена шкадуючы праспявала-прамовіла:
— Ах, які жаль. Наш матэматычны геній чарговы раз лахануўся.
Юрась — асабісты вораг Віялеты. І не толькі таму, што яго ніколечкі не чапляе яе агульнапрызнаная прыгажосць. Ён — анархіст. І я — анархіст. Але калі для Віялеты я — нешта невыразна сярэдняе, дык Юрась жа — фігура, аўтарытэт.
Наш клас ці не ад самага пачатку падзяліўся на дзве часткі: эліта і плебс. Звычайная справа для школы. На ўроках мы, здаецца, і разам, але толькі на ўроках. Калі дыскач у школе (ну, туды мы валілі разам у 8—9 класах, цяпер дык і не асабліва) — плебс танчыць асобна ад эліты. Хлопец з эліты ніколі не запросіць на танец плебейку і наадварот. І тусавацца пасля ўрокаў можна адно з сябрамі сваёй групоўкі. Канечне, групы незаўсёдныя, некага з эліты выганяюць у плебс, нехта з плебса прабіваецца наверх. У эліты галоўная — Віялета, яе целаахоўнікі — Віктар і Алег. Калі ў Віктара бацькі — не абы-якія чыноўнікі, дык у Алега — кулакі і моц. Яго рэальна пабойваюцца ўсе ў класе, ды і настаўнікі асабліва не чапаюць. Бацька Алега, ведаем, год таму сеў у турму за разбой. І не першы раз. Сам Алег глядзіць на ўсіх нас, аднакласнікаў, згары: ён ведае шмат такога, што нам і не снілася. Як ён апынуўся ў эліце, і што яго самога трымае там?