Читать «Мая мілая ведзьма» онлайн

Валерый Гапееў

Валерый ГАПЕЕЎ

МАЯ МІЛАЯ ВЕДЗЬМА

Школьны раман

1

Незвычайны — цёмна-ружовы — матылёк трапечацца між шурпатых рудых ствалоў хвой. Крадуся да яго, ён усё бліжэй і бліжэй, уецца лёгка, але не вельмі зграбна, бачком, быццам у яго адно крылца меншае ці кволейшае за другое. Яшчэ крок, яшчэ паўкроку па мяккай посцілцы з сухіх хваёвых іголак — і матылёк заўважае мяне, імкліва спырхвае ўдалячынь. І тады я бягу адкрыта.

Бягу і разумею: мне нельга лавіць яго, бо хапну рукой — і зломяцца тонкія ружовыя крылцы. І нават калі атрымаецца асцярожна ўзяцца за іх, дык на пальцах застанецца ружовы аксаміт, а крыл­цы незваротна згубяць сваё хараство. Але я бягу, мне трэба злавіць яго, патрымаць у руках, каб давесці самому сабе, што я — спрытны і хуткі!

Матылёк бліжэй і бліжэй, я бачу, што адна пара крылцаў у яго насамрэч круглявай формы, а другая — завостраная на канцы, таму палёт ягоны няроўны, і ён стаміўся, ён адчайна трапеча, я наганяю яго, ужо ўзняў руку, каб у наступнае імгненне схапіць, сціснуць. Мне ўжо няважна, што зломяцца, ператворацца ў шматкі дзівосныя крылцы, што далонь і пальцы прыцярушацца бліскучым ружовым пылам, а сам матылёк, відавочна ж, загіне.

Раптоўна перада мной рассцілаецца вялізная прагаліна, б'е ў вочы зыркае святло, хвоі раздаюцца, а я не магу спыніцца перад жудаснай кручай. Неспадзявана адчуваю дзіўны водар, маты­лёк — перад самым маім тварам. Ён з апошніх сіл успырхвае вышэй за маю галаву. А я — падаю. З вялізнай вышыні на дно кручы, дзе струменіцца ледзь бачны раўчук, на жоўты іскрысты пясок...

І ніколі яшчэ не ўпаў.

Я прачынаюся ў той момант, калі, няўмольна набліжаючыся, невялікія мокрыя камяні на дне раўчука затуляюць сабой увесь свет. Страх раптоўна пакідае мяне, я думаю адно пра тое, што мне вельмі доўга прыйдзецца хадзіць з пабітым тварам і распухлым носам.

Сон сніцца і сніцца. З года ў год, у нейкія месяцы я пачынаю сніць яго колькі начэй запар. Прачынаюся з заўсёднай прыкрай пустэчай унутры. Тады я нечакана востра адчуваю, што ўсё вакол — няправільна, што павінна быць усё інакш, і тое, што я раблю — раблю крыва і коса. Чаму няправільна, як рабіць інакш, — я не ведаю. Каб прагнаць назойлівыя думкі і гэта пачуццё няправільнасці самога сябе, іду на кухню, адкручваю кран і чакаю, пакуль вада сцячэ да вельмі халоднай. Але п'ю толькі хіба глыток.

Маці раней прачыналася, першыя разы заклапочана пыталася, ці ўсё добра, а цяпер, калі прачнецца, дык адно буркне нешта незадаволена. Пра сон я ёй не расказваў.

Баба Марыля на мае начныя жахі знаходзіць простае тлумачэнне:

— То ты расцеш, унучак.

Добра бабе — яна што заўгодна патлумачыць самымі простымі словамі. Сярод гэтых простых ёсць універсальныя: «Усё наладзіцца, усё будзе добра», «Надта не задумляйся, жыві ды і ўсё», «Значыць, лёс такі».

Расту, значыць... Ведала б баба, той матылёк — існуе, і я гнаўся за ім, ды не я, а ён падаў з кручы...

Неяк я спытаўся ў Юрася:

— Слухай... адзін і той самы сон сніцца мне цягам колькіх гадоў. Штомесяц, часцей... Сон страхотны. Там я. падаю з вышыні. Але прачынаюся за імгненне да таго, як прыпячатаю сваім тварам камяні.