Читать «Першае каханне» онлайн - страница 3

Уладзiмiр Іванавіч Аляхновiч

Калі Шостак падышоў да Ясенькі, стала ясна, што паводка ўжо набрала поўную сілу. Варочаліся і ламаліся льдзіны, а цёмна-зялёная плынь круціла і несла вырваныя з карэннем дрэўцы, нейкія слупкі, жэрдачкі, дошкі, іншы ўсялякі друз, смецце. Нерухома з вады выглядвалі толькі вялізныя камяні. Яны, бліскучыя і аслізлыя, нагадвалі лбы нейкіх казачных істот. «Вось па гэтых камянях і паспрабую перабрацца на той бок», — вырашыў Яўген, і, доўга не раздумваючы, скокнуў на шырокі камень, што ляжаў бліжэй ад берага. Тут крыху затрымаўся, каб перавесці дух і вырашыць, куды пераскочыць далей. Побач быў яшчэ адзін роўны камень. Пераскочыў на яго. Далей, метры за два, ляжала вялізная цёмна-бурая акруглая глыба. Шостак крыху прыгнуўся, напружыўся і скокнуў. Падэшвы ботаў, падбітыя шырокімі жалезнымі цвікамі, ляснулі аб граніт і саслізгнулі, а Яўген па грудзі апынуўся ў вадзе. Холаду спачатку не адчуў, толькі бачыў, як імкліва праносяцца міма льдзіны, шматкі паблеклай травы, саломы. Кінуў позірк на той бок, куды пераходзіў, і за некалькі метраў ад сябе прыкмеціў голыя галіны лазовага куста, што тырчалі з вады. Трымаючы ў руцэ над галавой букецік пралесак, асцярожна зрабіў у тым кірунку крок, другі. «Толькі б не ўпасці, — калацілася думка. — Там, можа, як і выберуся, а кветкі прападуць». Зноў на імгненне паўсталі добрыя ўважлівыя вочы Марылькі. Яны сумна ўсміхаліся і, здавалася, аб нечым прасілі. Упарта зрабіў яшчэ крок, затым яшчэ. I вось ужо свабоднай рукой ухапіўся за лазовую галіну.

Калі Шостак выбраўся на бераг, з кажушка і штаноў цурчалі струмені вады, а ў халявах ботаў хлюпала. Адразу ж стаў даймаць, калаціць холад. Яўген зразумеў, што трэба хутчэй бегчы. Размахваючы поламі і грукаючы ботамі, ён пасігаў па дарозе, што вяла ў Азярцы.

У прыёмным пакоі бальніцы нікога не было, акрамя санітаркі цёткі Клавы. Тая аж войкнула і пляснула рукамі:

— Ай-яй-яй!.. I куды, Шостак, цябе так занесла?! Гэта ж трэба…

— Ясеньку пераходзіў, цётка Клава. Вось крыху і вымак, — стараючыся прыдаць голасу бадзёры тон, хоць у самога аж ляскалі зубы, гаварыў Яўген.

— Вымак!.. Вымак!.. — перадражніла яго цётка. — А ці ведаеш, што запаленне лёгкіх табе забяспечана?!

У адно імгненне цётка зняла з яго плячэй кажушок, пасадзіла на табурэтку і пасцягвала боты. А скора Шостак ужо ляжаў на нізенькай канапе, а цётка Клава расцірала яму цела нейкай вадкасцю, ад чаго ў носе моцна казытала і Яўген раз-пораз чхаў. Неўзабаве зайшоў доктар Нікадзім Сяргеевіч, заклапочана сказаў: «Ну і ну…», прысеў на край канапы. Ён дастаў з кішэні халата навушнікі, надзеў іх і стаў вадзіць па грудзях Шостака чорным кружочкам. Потым падняўся і сказаў:

— Калі абыдзецца без запалення, то лічы, хлопец, што ты нарадзіўся ў кашулі.

Яўген Шостак, вядома ж, не нарадзіўся ў кашулі, і без запалення лёгкіх не абышлося. Але ж якая была радасць, калі назаўтра пад вечар да яго ў палату зайшла Марылька. Яе блакітныя вочы свяціліся трывогай, ласкай і дабрынёй. У руках яна трымала прынесеныя Яўгенам кветкі, а вусны шапталі: «Я ведала, што ты прыйдзеш, ведала…»