Читать «Першае каханне» онлайн - страница 2

Уладзiмiр Іванавіч Аляхновiч

Кожны дзень пасля ўрокаў, узнімаючы ботамі пырскі, Яўген бег да драўлянага будынка бальніцы, што стаяў на ўскрайку мястэчка. Яго прыходы сюды, здаецца, падабаліся ўсім — і ўрачу, і сёстрам, і санітаркам. Адна з іх — цётка Клава, як толькі хлопец убягаў у прыёмны пакой, хуценька працягвала яму бялюткі халат.

— Ідзі, ідзі хутчэй, Шостак. Гавораць, што Марылька ноччу цябе ў сне ўспамінала, — ці то ўсур’ёз, ці то жартам паведамляла яна, хітравата ўсміхаючыся.

Яўген куляй урываўся ў палату і, забыўшыся прывітацца, спалохана глядзеў на крыху пачырванеўшыя вочы дзяўчыны.

— Як ты? — ціха пытаўся ён.

Марылька радасна ўсміхалася, прыўзнімалася з падушкі, працягвала адразу абедзве рукі, таксама ціха гаварыла:

— Я ведала, што ты вось-вось прыйдзеш, бо якраз сонейка заглянула ў акно нашай палаты…

Шостак садзіўся на край ложка, трымаў яе гарачыя рукі ў сваіх, і яны, пазіраючы адно аднаму ў вочы, доўга шапталіся, здаецца, аб усім на свеце. Але праз нейкі час твар Марылькі станавіўся заклапочаным, яна яшчэ вышэй прыўзнімалася на падушцы, казала больш сур’ёзна і цвёрда:

— А зараз паказвай, што задалі на дом у школе.

Яўген хоць і неахвотна, але пакорліва выпускаў яе рукі, даставаў з ранца падручнікі, сшыткі. I зноў, як і некалі раней, яны рабілі ўрокі.

Неяк раніцай Шостак прачнуўся і быў вельмі здзіўлены: ужо па столі бегалі сонечныя зайчыкі, а маці дагэтуль яго не разбудзіла. Хуценька апрануўся і выглянуў на кухню. Маці якраз высыпала бульбу з каша ў цэбар, разагнулася.

— Пачалася паводка, сынок, — загаварыла яна. — Ясенька яшчэ ноччу загула. Дзядзька Васіль вазіў малако ў Азярцы. Дык калі вяртаўся, ледзь пераехаў рэчку на калёсах. Са школы перадалі, што адпусцілі вас на канікулы.

У Азярцоўскай школе вучняў на веснавыя канікулы адпускалі на час паводкі, бо многія масты крыгаход зносіў і з большасці вёсак у час вялікай вады дабрацца ў мястэчка было цяжка.

Спачатку Яўген нават узрадаваўся. «Вось і добра, што не трэба ў школу, — падумаў ён. — Збегаю ў Мілеўскі лясок, нарву пралесак і занясу іх Марыльцы ў бальніцу». Яшчэ ўчора ў ельніку ён нагледзеў купінку блакітных, нібы вочы ў Марылькі, першых веснавых кветак. «Але як дабяруся ў Азярцы?! — раптам нібы апякла думка. — Ясенька зараз бурліць, напэўна, як раз’юшаная».

— Схаджу і гляну, што робіцца на рэчцы, — сказаў Яўген і стаў нацягваць кажушок.

Маці нічога не адказала, бо, здаецца, і не пачула яго як мае быць — якраз варочала качаргой галавешкі ў печы.

Як толькі Шостак выйшаў на двор, — зразумеў, што ўсяго за адну ноч вясна ахапіла ўсё наваколле. Было цёпла і мокра, снег пачарнеў і асеў, а з-пад плота ўжо цурчалі ручайкі.

За вёскай Яўген звярнуў у ельнік і неўзабаве адшукаў чысты ад снегу ўзгорачак, на якім красаваліся кветкі. Свяжуткія блакітна-фіялетавыя венчыкі пялёстак абрамлялі апушаныя зялёныя лісцікі. Хоць кветак расло тут многа, хлопцу шкада было іх зрываць. Ён выбраў толькі пяць самых прыгожых і буйных пралесак. «Няхай у Марылькі па ўсіх прадметах будуць адны пяцёркі», — весела падумаў ён, падміргнуў сам сабе і накіраваўся да дарогі.