Читать «Першае каханне» онлайн

Уладзiмiр Іванавіч Аляхновiч

Уладзімір Аляхновіч

Першае каханне

Апавяданне

Сям’я Шостакаў жыла тады ў невялікай вёсцы Гулічы, што стаяла за два кіламетры ад не шырокай, але маляўнічай рэчкі Ясенькі. У вёсцы налічвалася ўсяго каля дваццаці хат. Усе гуліцкія школьнікі былі маладзейшыя за Яўгена і вучыліся ў тамашняй пачатковай школе. Шостак жа — сямікласнік, таму хадзіў у школу ў мястэчка Азярцы. Гэта па другі бок рэчкі Ясенькі, туды кіламетры са два. З Гулічаў у Азярцы акрамя яго хадзіла яшчэ адна дзяўчынка — высокая танклявая Марылька Кранько, таксама сямікласніца. Вядома ж, Яўген сябраваў з ёю. У школе яны сядзелі за адной партай, канчаліся заняткі — разам ішлі дамоў. Па поўдні, зноў-такі ўдваіх, рыхтаваліся да ўрокаў. Улетку працавалі на сенажаці і ў полі, вечарамі гулялі ў лапту, зімою каталіся на лыжах і санках. I так было заўсёды.

I вось, калі Марылька з Яўгенам ужо вучыліся ў сёмым класе, іх запрасілі на школьны навагодні баль старшакласнікаў. У актавай зале зіхацела рознакаляровымі агеньчыкамі ёлка, іграў аркестр, і не менш ярка зіхацела Марылька — расчырванелая, радасная. На ёй была блакітная, пад колер вачэй, сукенка ў крапінку, светлыя валасы сцягнуты ў пучок і завязаны шырокай, таксама блакітнай, стужкай. Танцавала яна з высокім чарнявым дзесяцікласнікам Мішам, па мянушцы Свістун. О, як яны прыгожа плылі ў вальсе! Нетаропка, роўна, толькі ў такт музыцы ціха пагойдваліся, нібы хвалі на Ясеньцы ў добрае надвор’е. Міша часта нахіляў галаву і шаптаў Марыльцы нешта на вуха. Яна тады крыху адводзіла ад яго твар, уважліва глядзела і тут жа весела смяялася.

У той вечар у Яўгена ўпершыню моцна зашчымела сэрца. Чаму Марылька танцуе з Мішкам Свістуном, чаму так радасна пазірае на яго і весела смяецца? Ад гэтых думак яму аж горача зрабілася. Танцаваць ён не ўмеў, а далей так стаяць і глядзець не было ніякай моцы. I ўлучыўшы момант, калі Марылька глянула ў яго бок, рэзка павярнуўся і пайшоў да выхада. Калі ў раздзявалцы ўжо нацягваў кажушок, нехта тузануў яго за рукаў.

— Марылька! Ты чаго тут?! — здзіўлена спытаў Яўген.

— Як чаго? Пойдзем разам дадому, — спакойна адказала яна.

— А Міша Свістун?

— Мішка добры для танцаў. А мы ж з табою суседзі, свае, — зноў спакойна адказала Марылька і засмяялася.

Калі выйшлі са школы і накіраваліся па вуліцы, настрой у дзяўчыны не змяніўся. Яе пявучы голас і звонкі смех нагадвалі гукі меднага званочка.

У наступныя дні адносіны ў Яўгена з Марылькай знешне былі нібы ранейшыя: ішлі разам у школу і вярталіся дамоў, рабілі ўрокі. Але Шостак хутчэй адчуў сэрцам, чым зразумеў, што з ім нешта сталася. Раней раніцай маці доўга не магла яго дабудзіцца, цяпер жа ўскокваў з ложка пасля першага яе слова. I ўсё таму, што ўяўляў скорую сустрэчу з Марылькай. Яўген не раз лавіў на сабе доўгія, нібы прыдзірлівыя погляды дзяўчыны. Яму ад гэтага станавілася і радасна, і трывожна.

Марылька часта хварэла ангінай. Кожны год, як толькі са стрэх пачыналі мільгацець, дзынкаць іскрынкі капяжу, а заснежаныя пагоркі лысець ад праменняў веснавога сонца, шыя Марылькі аказвалася абкручанай белай касынкай, а голас траціў звонкасць, станавіўся сіпаватым і ціхім. Так здарылася і ў тую памятную вясну. Толькі на гэты раз хвароба зацягнулася, і Марыльку бацькі адвезлі ў бальніцу ў Азярцы.