Читать «Віленскія казкі» онлайн - страница 9
Адам Глобус
Мышанё знайшло на балоце маленечкага Цмока і папрасіла ў яго пазычыць крылы на адзін-адзінюткі палёт над горадам. Цмок, хай сабе і малы, а крылы пазычаць адмовіўся. Збаяўся.
Тады Мышанё вырашыла хітраваць. Яно назбірала ў вялікі кубак малінавых ягад і запрасіла Цмока ў сваю нару на салодкі пачастунак. Уваход у мышыную нару быў такі вузкі, што Цмоку, каб туды пралезці, давялося зняць свае крылы. Пакуль Цмок ласаваўся малінамі, Мышанё надзела на плечы крылы і ўзнялося над Вострай брамай. У той вечар у Вільні з’явіўся не толькі першы Кажан. У той вечар у Вільні з’явілася і першая Яшчарка, якая атрымалася з падманутага Цмока, ласага на салодкія маліны.
Чырвоны дом
У віленскага дойліда Яся Карпоўскага было два сыны - Ігар і Тодар. Абодвум было за трыццаць, а ніводзін з іх так і не завёў жонкі. Стары Карпоўскі вырашыў дапамагчы сынам з пошукамі жанчын. Ён знайшоў невялікі чырвоны дом на беразе рэчкі і набыў яго для сыноў. Стыры думаў: калі сыны пачнуць жыць асобна ад бацькі, ім больш лёгка будзе паразумецца з жанчынамі. Трэба сказаць, што купляць чырвоны дом старому Ясю нараіла вядзьмарка Хрысціна Сліж. Яна запэўніла дойліда, што ў чырвоным доме Ігар і Тодар знойдуць вялікае шчасце.
Першым ў чырвоны дом перабраўся Ігар. Яму было сумна сядзець у пустым доме, таму ён вырашыў напіцца. Пасярод ночы Ігара пабудзіла жанчына. Яна прыйшла ў дом з рэчкі. Выйшла з вады цалкам голая, зайшла. ў чырвоны дом і разбудзіла новага гаспадара. Ігар прачнуўся, але падумаў, што ўсё яшчэ спіць. Таму ён зусім не спалохаўся голай і халоднай, як рачная вада ў верасні, жанчыны. Ігар спытаў яе імя і пачуў: “Люда”. Яна хацела залезці да Ігара пад коўдру, але той абачліва не пусціў халоднае стварэнне ў ложак. Замест гэтага мужчына загадаў Людзе прынесці яму вішнёвага піва, каб паправіць цяжкую галаву. Жанчына прынесла Ігару вішнёвага піва. Тады ён папрасіў прынесці да піва падсоленых арэхаў. Пасля піва з арэхамі Ігар надумаў пакурыць і паслаў Люду па цыгару. Пакуль ён курыў, пачало ўзыходзіць сонца. Жанчына спужалася сонечнага святла і вярнулася ў рэчку. Пасля развітання з Людай Ігар праспаў у чырвоным доме ўвесь дзень. Позна ўвечары ён вярнуўся да бацькі і абвясціў, што вырашыў ажаніцца. За жонку Ігар узяў Пэлю Кавалёву - дачку арганіста.
Тым часам Ясь Карпоўскі перасяліў у чырвоны дом свайго малодшага сына Тодара. Той спакойна жыў у гэтым доме на беразе рэчкі, пакуль тая была пад ільдом. Як толькі пачаўся крыгаход, уначы з ледзяной вады выйшла Люда і завітала ў госці да Тодара. Той, ведаючы братаву гісторыю, заказаў піва, арэхаў і цыгару. Люда прынесла пачастункі. Тодар зрабіў адзін глыток вішнёвага піва, узбударажыўся і пацалаваў Люду. За пацалункам пачаліся танцы, за танцамі - любошчы. Чырвоны дом ходырам хадзіў усю ноч. Раніцай у чырвоным доме знайшлі мёртвага Тодара, белага і халоднага, як рачны лёд.
Стары Ясь Карпоўскі хацеў забіць вядзьмарку, якая нараіла перасяляць сыноў у чырвоны дом. Не забіў, бо Хрысціна сказала, што, забіўшы яе, дойлід страціць і сына Ігара. Практычны Карпоўскі не стаў спакушаць лёс. Ён перафарбаваў пракляты чырвоны дом у белы колер і выгадна прадаў яго армянскім уцекачам з Баку.