Читать «Віленскія казкі» онлайн

Адам Глобус

Адам ГЛОБУС

ВІЛЕНСКІЯ КАЗКІ

Шэрыя людзі

Казалі, што ў горадзе ёсць Галоўны. Чуткі хадзілі, што без Яго нічога важнага ў Вільні не робіцца. Як скажа Галоўны - так яно і будзе. Ніхто дакладна не ведаў ні прозвішча Галоўнага, ні імя Яго. Нават месца, дзе жыве Ён, ніхто дакладна не ведаў. Усё рабілі шэрыя людзі, праз якіх Галоўны кіраваў Вільняй. Да іх усе звярталіся з прапановамі, а шэрыя людзі звязваліся з Галоўным. Ён або дазваляў, або забараняў. На ўсе пытанні ў Галоўнага было толькі два адказы - “не” альбо “так”.

Гісторык Віктар Чуб вырашыў правесці даследаванне і знайсці Галоўнага. Ён сачыў за адным з шэрых людзей і высачыў шлях да Галоўнага. Шлях той скончыўся недзе на вуліцы Завальнай. Чуб нават дайшоў на Завальную да Галоўнага і пагаварыў з Ім. Ён застаўся страшэнна задаволены знаёмствам і размовай. Гісторык Чуб меркаваў, што напіша грунтоўны навуковы артыкул пра дзейнасць Галоўнага ў Вільні.

Гісторык думаў, а Галоўны рабіў. Ён забраў у Віктара Чуба ўсю, якая толькі была, памяць. Бяспамятнага Віктара шэрыя людзі ўладкавалі падмятальшчыкам прывакзальных вуліц. Так было, бо нічога ў Вільні не рабілася і не робіцца без Галоўнага, нават вуліцы падмятаюцца толькі па Яго загадах.

Чырвоная Цагліна

Хто з нас не хацеў падняць з зямлі маленечкі каменьчык і шпурнуць у шыбу, за якой хаваецца любімы чалавек? Шкло зазвініць - і за ім з’явіцца любы твар. На тым твары ты пабачыш усмешку, радасць і задавальненне. Толькі ёсць яшчэ шыбы, за якімі жывуць твае ворагі. Пад акном з такімі шыбамі ўзнікае моцная прага схапіць не маленечкі каменьчык, а важкі камень. Схапіць, размахнуцца і запусціць у шыбу так, каб шкло разбілася і высыпалася. Шмат хто і шмат дзе біў камянямі шыбы сваіх ворагаў. Людзі разбівалі вокны ды білі вітрыны і ў нашай Вільні. Білі, пакуль не з’явілася Чырвоная Цагліна.

Старая Вільня спрэс цагляная. З чырвонай гліны ды белай вапны выбудавалі яе нашыя папярэднікі. Пэўна, таму і бараніць шыбы старой ружовай Вільні ўзялася менавіта Чырвоная Цагліна. Яна падае на галаву таму, хто шпурнуў камень у чужое вакно. І ў дзевяці з дзесяці выпадкаў Чырвоная Цагліна забівае аматара біць шыбы. Цяпер у Вільні амаль не разбіваюць вокны, і не таму, што не хочуць, і не таму, што ў горадзе стала менш дрэнных людзей, зусім не, - а таму, што кепскія віленчукі баяцца помсты ад Чырвонай Цагліны.

Белая маска

Ян Пільны бачыў набліжэнне смерці да чалавека. Меў такі дар. Ён бачыў белую маску на тых, чые дні ў гэтым свеце заканчваліся. Ян жыў на другім паверсе шэрага дамка каля сабора Святой Ганны. Праз свае невялічкія вокны ён добра бачыў выкладчыкаў і студэнтаў Акадэміі мастацтваў, якая стаяла побач з чырвонай Ганнай. Неяк на адным з выкладчыкаў жывапісу, на твары Васіля Жыценя, Ян пабачыў белую маску. Пільны быў упэўнены, што Жыцень не працягне больш за тыдзень. Але той працягнуў не толькі адзін тыдзень, ён працягнуў тры. Самае дзіўнае тое, што белая маска знікла з ягонага твару. Была, была, была і знікла. Пільны мог паклясціся ў саборы Ганны ўсімі святымі, што белая маска смерці была на твары Жыценя. Праз некалькі месяцаў яна зноў з’явілася на старым твары выкладчыка Васіля. З’явілася, а праз пару дзён знікла.