Читать «Віленскія казкі» онлайн - страница 8

Адам Глобус

Але неяк адзін з безграшовых брудных дзядоў папрасіў у Алега вялікую шклянку піва. Нахабна запатрабаваў, можна сказаць. “Мужык, ты мусіш мяне ўратаваць. Без паўлітры піва я дамоў не дайду. Памру тут, каля вакзала!” Алегу было шкада піва для неахайнага нахабы, але ён усё ж купіў вялікую шклянку і пачаставаў дзеда. Той выпіў, падзякаваў і сказаў Алегу дзіўную рэч: “Мужык, калі раптам захочаш выпіць, а рублёў не будзе, падыходзь пад Зялёны мост. Стань каля вады, тупні левай нагою тры разы. Праз імгненне каля тваёй правай нагі з’явіцца чырвоная бутэлька, поўная моцнага віна. Віно можаш выпіць, а пустую бутэльку абавязкова пакінь пад мостам”. Алег, вядома, не паверыў бруднаму дзеду, які назваўся Вадзяніком. Хто ў такое паверыць? На цвярозую галаву ў такое ніхто не паверыць і правяраць не пойдзе...

Аднаго разу Алег моцна выпіў, яму хацелася яшчэ крыху накаціць для шліфоўкі, але капейчыны не было. Тады Алег і пайшоў пад Зялёны мост і тупнуў тры разы левай нагой. Каля правай нагі з’явілася чырвоная бутэлька з партвейнам.

Алег пачаў хадзіць пад мост кожны божы дзень. Віно выпіваў, а бутэльку пакідаў. Так было, пакуль Алег не пачаставаў чароўным парт­вейнам свайго заўсёднага сабутэльніка Валерку. Той не пажадаў пакідаць чырвоную бутэльку. Ён захацеў яе здаць як звычайную шклатару. Калі прыёмшчыца адмовілася прымаць чароўную бутэльку, Валерка раззлаваўся. Ён так раз’юшыўся, што разбіў чырвоную бутэльку аб цагляную сцяну... Алег яшчэ некалькі разоў спрабаваў тупаць пад мостам левай нагою, але партвейн ад Вадзяніка больш не з’яўляўся.

Белы аўтобус і белы трамвай

Шмат разоў я чуў пра белы аўтобус, але ніколі яго не бачыў. Пра яго шмат расказвалі. Бачылі яго да вайны. Казалі, што ездзіў па Вільні страшны белы аўтобус. Калі ён спыняўся, усе, хто аказваўся непадалёк, змаўкалі, схілялі галовы і заходзілі ў яго. Белы аўтобус зачыняў скрыгатлівыя дзверы. Сведкі асабліва любілі падкрэсліць жахлівую рыпучасць аўтобусных дзвярэй. Белы аўтобус звозіў віленчукоў у невядомым кірунку. Ніхто з іх не вярнуўся, каб расказаць, куды ездзіў белы аўтобус.

У ваенны і пасляваенны час старыя віленчукі палохалі дзяцей згадкамі пра белы аўтобус. Паціху аповеды пра людаедскі аўтобус сціхлі. Забыўся пра яго і я, ажно пакуль не пабачыў на мінскай вуліцы Змітрака Бядулі белы трамвай. Ён бясшумна каціўся па бліскучых рэйках. У белым трамваі не было ніводнага пасажыра. Падумалася: не дай бог возьме і спыніцца... Белы трамвай не спыніўся. Пакаціўся ў бок чыгуначнага вакзала. Калі ён знік за чырвоным домам, мне і згадаліся расказы пра белы аўтобус у даваеннай Вільні.

Мышанё і Цмок

Некалі ў Вільні жыў мастак Сергіевіч. Ён і расказваў легенду пра Цмока і Мышанё...

Здарылася тое даўно, калі ў небе над гатычнай Вільняй яшчэ можна было ўбачыць цмока. Мышанё, якое жыло ў сутарэннях пад гарадской брамай, бачыла цмока часта. Кожнага разу Мышанё зайздросціла цмоку, які меў крылы і мог уздымацца да ружовых аблокаў. З пякучай зайздрасці і нарадзілася мара пра ўласныя крылы.