Читать «Ксю» онлайн - страница 17
Андрэй Федарэнка
— Добра — вайны не будзе…
Яна ўжо збірала стол, ставіла віны, гарэлкі, закускі. Ён, крыху засаромеўшыся, што ўся гэтая мітусня з-за яго, папрасіў сабе толькі гарбаты, чорнай, моцнай…
— І, калі ласка, лусту белага хлеба з маслам. Больш нічога. Прывык толькі такое.
— Сапраўды. Здаровы мужчына, фізічная праца… А я віна вып’ю. Пад цыгарэту. Мне цыгарэты памагаюць трымаць фігуру, — апраўдваючыся, патлумачыла яна. — Закурыш, дык не так есці хочацца. А памятаеш, як я цябе карміла тады, даўно? Макаронамі з катлетаю?
— Гэта мой самы светлы ўспамін.
— І мой…
Так яны ільсцілі адно аднаму, і яшчэ больш раставала, знікала насцярожанасць паміж імі. Ён падумаў, што павінен пахваліць яе — хоць з ветлівасці госця перад гаспадыняю, ды і чаму толькі з ветлівасці? — ён шчыра зайзросціў ёй, ганарыўся ёю, рад быў за яе.
— Ксю, якая ты малайчына. Такая кватэра, у такім месцы, машына, праца… Выглядаеш свежа, як кветка. І сама ж выйшла ў людзі — без блатаў, без грошай, з такой глушэчы, усяго дабілася розумам, прыгажосцю…
— Ага. Дабілася. Успамінаць не хачу. Эканоміла па капейцы. Кожныя канікулы, яшчэ студэнтамі, на ўсё лета ў Фінляндыю клубніцы збіраць… Света памагла. Усё дзякуючы ёй — і кватэра, і машына. Я да іх часта езджу, у Прагу.
— А як яна сама? — спытаў ён.
— Яна? Цвіце і пахне! Не п’е, не курыць, выглядае маладзей за мяне. Дзіця свайму чэху нарадзіла. Таксама, дарэчы, дзяўчынку. Хочаш у кампутары здымкі паглядзець?
— Не, не хачу.
— Разумею… Прабач.
— Я калі-небудзь бачуся з Жэневымі дочкамі, прыязджаюць у вёску, ды і ў іх — таксама дзеўкі. Памятаеш, як твой дзядзька Жэня казаў? Кім ён акружаны?
— Яшчэ як памятаю!
— Ён не са злосці, бяскрыўдны быў.
— Я ведаю. Я табе больш скажу, як псіхолаг: самыя страшныя мае пацыенты не хамы, не п’яніцы, не пахабнікі, не цынікі, а — ханжы. Іх пазнаеш адразу, з першага позірку; на людзях — ліслівыя, ветлівенькія, вочы бегаюць, пальцы не знаходзяць месца, а дома, у сям’і, з жонкай ці з дзецьмі — тыраны, монстры, і гэтае ўвесьчаснае двайное жыццё, ці гульня ў жыццё, хаванне сябе сапраўднага, сваёй сутнасці разрывае іх, як бомба замаруджанага дзеяння. А ў выніку — мне іх слухаць, лячыць… Зрэшты, гэта мой хлеб. Без працы не застануся.
Ён піў, стараючыся не сёрбаць, сваю гарбату, Ксю — сваё віно.
— А раскажы яшчэ пра сябе, — папрасіла яна. — Мне страшэнна цікава ўсё, з табой звязанае. Як, чым ты жывеш?
— Як жыву? Не сказаць, каб о’кей. Як у цябе, напрыклад. У каго ні папытай: цудоўна, шчасліва… Моташна ад гэтага фальшывага аптымізму. Ну, які о’кей, калі мы старэем, хварэем і паміраем? Прычым не ў будучым, а кожную хвіліну, вось, напрыклад, у гэтую самую.
— Цяпер не модная філасофія хваробы і смерці, — гулліва заўважыла яна.
— Калі гадамі жывеш з хворым чалавекам, яшчэ не да такой філасофіі прыйдзеш. Зрэшты, я ні аб чым не шкадую. Стараюся задавальняцца тым, што маю. І веру, што ўсё да лепшага. А смерць, можа быць, самае лепшае.
— О-о! Вось як? Колькі я такога наслухалася! Да таго ж ты сабе супярэчыш. Калі ўсё да лепшага, а смерць — самае лепшае, дык тады ва ўсіх і сапраўды о’кей. Чаму тады аптымізм фальшывы? Ён якраз-такі натуральны паводле тваёй тэорыі.