Читать «Страсці па Аўдзею» онлайн - страница 13

Уладзімір Бутрамееў

(Да сястры.) Ідзі на вуліцу пагуляй!

Сястра. А мне маці казала фасолю перабраць…

Верка. Ідзі, ідзі, вушы вострыш. Паспееш, перабярэш яшчэ фасолю, паспееш!

Выводзіць сястру з хаты.

Што я табе пакажу зараз…

Танька. Ой, што? Пакажы хутчэй.

Вера дастае хустку і паказвае.

Ой! У Шмуйлы гэткія па пяць рублёў бачыла.

Верка. А ведаеш, хто мне яе падарыў?

Танька. Хто?

Верка. Андрэй падарыў.

Танька. Андрэй?

Верка. Ага.

Танька. Дай паглядзець.

Верка аддае хустку. Танька мерае. Потым задумваецца.

Вер, а Вер? А ты чула?

Верка. Што?

Танька. Пра Зінку Васількову?

Верка. Не-а. Скажы.

Танька. Толькі… каб нікому!

Верка. Няўжо ж!

Танька. Зінка цяжарная!

Верка. Ай, госпадзі!

Танька. Ад Мішкі Барысіка. Усё — мой Мішка, мой Мішка, — вот табе і Мішка! Хадзіла да бабы Сысіхі, а Сысіха і кажа раптам: не, больш грашыць не буду, грэх на душу браць, мне паміраць хутка… А сама потым цётцы Марылі расказала, а тая ўжо — маці. Бацька яшчэ не ведае. Што будзе! Глядзі — каб нікому.

Сяброўкі памаўчалі, а потым Танька нерашуча прадоўжыла.

А спачатку хустку гэткую паказвала, як у цябе.

Верка. Якую хустку?

Танька. Гэткую саму, ад Шмуйлы, па пяць рублёў. (Зноў памаўчаўшы.) Як у цябе…

Верка. Ты што прыдумала?! Дурніца ты!

Танька. Я нічога…

Верка. Хочаш, скажу?

Танька. Што? Гавары.

Верка. Сёння ў сваты прыедуць.

Танька. Яй-богу? Андрэй?!

Верка (з гонарам). Андрэй!

Танька (узрадавана). Ой, Верка, праўда? (Абдымае Верку.) А ты адкуль ведаеш?

Верка. Ведаю.

Танька. А ты маці казала?

Верка. Няўжо ж.

Танька. А бацьку?

Верка. Не-а. Маці, мабыць, сама яму сказала. Андрэй казаў — аддзеліць бацька. Сваім дваром жыць будзем. Я б ні за кога не пайшла, толькі за яго. Ні за кога. Я яго ў сне кожную ноч бачу, толькі вочы закрыю — і бачу…

Танька. Вер…

Верка. Што?

Танька. А табе не страшна? Замуж?

Верка смяецца.

Верка. Андрэй казаў, што ён мяне і пальцам не кране, яй-богу.

Уваходзіць маці, з ёй пяцігадовая дачка.

Зуйчыха. Во сарокі, языкамі лапочуць, а ў хаце не прыбрана. Як праўда людзі прыедуць?

Верка. Я зараз!

Танька. Я пайду, раскажаш пасля.

Зуйчыха, Вера і пяцігадовая дачка прыбіраюць у хаце, накрываюць абрусам стол, выносяць фасолю, Верка выходзіць, застаюцца Зуйчыха і пяцігадовая дачка.

Дачка. Мам, а мам…

Зуйчыха. Што?

Дачка. А за каго б мне замуж пайсці?

Зуйчыха. Што? Шмат жаніхоў?

Дачка (задумаўшыся). Віцька — дык ён недарэка. Пецька зусім малы яшчэ. Сашка Сёмкін бегае да Валькі гуляць, мне гэтакі непатрэбны… А Саўка…

Зуйчыха (сур'ёзна). А што Саўка? За Саўкам без хлеба б не сядзела, у іх усе спраўныя.

Дачка. Не, мам… За Саўку я не пайду…

Зуйчыха. Чаму?

Дачка. У яго соплі з носа цякуць… Прама на губу.

Зуйчыха. А ты прыгледзь. За мужыком хто прыгледзіць. Калі Саўка ў бацьку ўдасца, за ім кожны дзень булкі есці будзеш.

Дачка. Як на Вялікдзень?

Зуйчыха. Як на Вялікдзень.

Уваходзіць Верка. Садзіцца ля стала.

Верка. Мам, а калі цябе сваталі, боязна было?

Зуйчыха. Боязна. Толькі ў той час усё інакш было. Я твайго бацьку да сватоў і не ведала. Нас у сям’і дзве дзеўкі было на выданне, дык як прыехалі, то і не ведалі, да каторай. Во як было ў тыя часы.