Читать «Страсці па Аўдзею» онлайн - страница 11

Уладзімір Бутрамееў

Аўдзей выходзіць з-за стала, падыходзіць да мужыка, глядзіць у мех.

Аўдзей. Ты палову меха браў?!

Мужык. Палову і аддаю.

Аўдзей. Мы дамаўляліся, што за палову меха ты вернеш мех, так ці не так? Дамаўляліся?

Мужык. З майго, Аўдзей, табе цяпер прыбытку не будзе. Мінуў той час. Палову браў, палову аддаю.

Мужык хоча выйсці, Аўдзей затрымлівае яго, хапае за руку.

Аўдзей. Чакай! Палова меха ўвесну, як ты браў, каштуе столькі, колькі цяпер, па восені, тры мяхі. Ты што, за лета сумленне прапіў?

Мужык. Ета ўжо не твая справа, хто што прапіў.

Аўдзей. А дамаўляўся хто?

Мужык. Даваў палову, хочаш цэлы? З чужога хочаш нажыцца? Цяпер не той час, хопіць!

Аўдзей. Што? Я з чужога?

Аўдзей хапае мужыка за грудкі. Паміж імі стаіць мех, ён падае, зерне высыпаецца. Сям’я Аўдзея працягвае абедаць, быццам нічога не бачыць і не чуе. Жабрак падымаецца на печы.

Мужык. Ну-ну-ну! Чаго хапаеш! Нахапаліся, хопіць! З мяне не возьмеш, не…

Аўдзей. Ды я цябе…

Аўдзей прыцягвае мужыка да сябе, але той не даецца. Сям’я моўчкі есць за сталом.

Мужык. Прывыклі хапаць, абдзіралы, нацярпеліся, як вы душыце, сокі з мужыка цягнеце, цяпер не тое, цяпер за беднату, цяпер вам костка папярок горла, кулаччо, куркулі, нарабавалі, награбілі, цяпер мужыку воля, цяпер мужык паверху, каб вы паўдушыліся, зажраліся, гадаўё, на етых хутарах!

Аўдзей. Сокі з цябе — хто — я? Ета ты — мужык?! Які з цябе мужык, калі ты па вясне з торбай ходзіш, насенне просіш, жабрак ты, а не мужык! Мужык тады мужык, калі ён гаспадар, калі не прапіў, не прагуляў, не адляжаў бакі. Мужык тады, калі ў яго ёсць! Я зажраўся на хутары — а і ты зажрыся! Зямлю ж па едаках, усім пароўну раздзялілі — чаго ж ты не зажраўся? Едакоў многа, работнікаў мала, не на едаках свет трымаецца, на работніках! Ета я зажраўся, калі рук ад працы не чую? Ты б цяпер зажраўся б у мяне ў склепе, ды ў кладоўцы — там цяпер усё ёсць, а дзе ты быў, як я пуп ірваў, горб гарбаціў, кішкі вузлом завязваў, каб усё ета мець! Цяпер ты рады на нажытае, ты б аб’еўся, апрогся чужым, а я са свайго мазаля зажраўся, сваім мазалём нагроб. Так, як ты грабеш, і ўтрох не награбеш, а я адзін цягнуў, як вол, як конь, як дзікі мядзведзь: і ета ты мне гаворыш — з чужога?! Ах ты гад, сам век з чужога жывеш, век у доўг, падохнеш, адны даўгі застануцца, у аднаго па вясне бярэш, у другога — па восені. За палову мех па вясне — ета па-божаску, у мястэчку з цябе б тры шкуры спусцілі, дык ты прыбег да мяне за пяць вёрст: Аўдзей Усцінавіч, дапамажы, а цяпер аддаваць не хочаш, як дамаўляліся, сволач, яшчэ й зяпу раскрыў, задушу!

Аўдзей душыць мужыка, той спрабуе вырвацца, але Аўдзей мацнейшы. Сям’я моўчкі есць за сталом.

Мужык. Пусці, пусці, а-а-а, пусці…

Жабрак на печы працягвае ўперад рукі.

Жабрак. Аўдзей, Бог з табой, супакойся. За паўмеха жыта чалавека задушыш, чалавечую душу за паўмеха зярнятак, ці ж вартыя етыя зярняткі таго…

Жабрак гаворыць усё гэта, стоячы на печы, праз стол. Сям’я есць, не звяртаючы ўвагі ні на што. Аўдзей крыху адпускае мужыка, паварочваецца ў бок жабрака і адказвае яму праз галовы тых, хто сядзіць за сталом.