Читать «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» онлайн - страница 9
Алесь Бадак
— Добры дзень, — сказала дырэктарка, і клас устаў дружна, за выключэннем аднаго вучня, які падняўся не адразу і вельмі неахвотна.
— З гэтага года ў вас будзе новая настаўніца біялогіі. Завуць яе Таццяна Антонаўна.
— Добры дзень. — У новай настаўніцы быў хоць і ціхі, але дастаткова ўпэўнены голас.
Калі дырэктарка выйшла, яна накіравалася да стала, узяла ў рукі класны журнал і сказала:
— Ну што, будзем знаёміцца. Антановіч Света…
Пятым па спісе быў Сяргей Васілевіч.
— Здаецца, мы ўжо сёння бачыліся.
Магчыма, у яе голасе і не было ніякай прыхаванай насмешкі, але ён успрыняў гэтыя словы менавіта так.
Яму хацелася як мага хутчэй даказаць ёй, што ён не такі, як яна пра яго думае. На кожны яе ўрок ён прыходзіў старанна падрыхтаваным, але за месяц яна ні разу яго не выклікала. І калі ў адным з кастрычніцкіх нумароў газеты «Піянер Беларусі» надрукавалі цэлую падборку яго вершаў, ён ухапіўся за іх, як за выратавальную саломінку. Ледзь толькі пачаўся ўрок біялогіі, ён разгарнуў газету, усяляк стараючыся прыцягнуць да сябе Танеччыну ўвагу. Нарэшце яна зрабіла яму заўвагу, але праз хвіліну ён зноў стаў шамацець старонкамі, чакаючы, што на гэты раз Танечка загадае пакласці газету на яе стол. І ён зробіць гэта з таемнай радасцю, і пакладзе газету так, каб Танечка, кінуўшы на яе свой позірк, адразу ўбачыла яго прозвішча. Аднак настаўніца, быццам баючыся перадумаць, хутка накіравалася да яго, выхапіла з рук газету і са злосцю парвала яе на шматкі…
Прыходзячы ў бацькоўскую хату, у якой доўга не быў, пачынаеш разумець, што яна мае ўласцівасць адвыкаць ад цябе. Калі ты вярнуўся, а дома нікога няма, то, адмыкаючы дзверы, пераходзячы з пакоя ў пакой, адчуваеш ва ўсім затоеную насцярожанасць, з якою сустракаюць чужынца, яна сыходзіць ад сцен, ад кожнай рэчы, нават калі тая некалі была куплена ці змайстравана табой. Патрэбен час, каб гэтая насцярожанасць прайшла, каб масніцы, па якіх ступаеш, ручкі дзвярэй, за якія бярэшся, вопратка, у якую пераапранаешся, зноў прывыклі да цябе. Але прывыкнуць — яшчэ не значыць стаць тваім. Гэта як жанчына з часам можа прывыкнуць да цябе і нават пражыць з табою ўсё жыццё, але так і не стаць тваёю. Хата і ёсць жанчына, са сваім характарам, сваімі капрызамі, якой патрэбен свой гаспадар, без яго яна пачынае хварэць, хутка старэючы і разбураючыся. Таму для яе лепш мець гаспадара, якога яна не будзе любіць, але будзе цярпець, час ад часу паказваючы свой нораў, нават шкодзячы яму, чым не мець ніякага.
Гэтаму мяне вучыў мой бацька, сёння вядомы ў вобласці будаўнік, расказваючы, як перад самым маім нараджэннем яны з маці купілі невялікую хатку, у якой да гэтага жыла, для нас, малых, цётка Алена, а для ўсіх астатніх — проста Алена, ці, за вочы, Зязюля, што з Богам размаўляла часцей, чым з суседзямі. Ніхто не ведае, пра што былі тыя размовы, але на пяцьдзесят сёмым годзе Аленінага жыцця Бог забраў яе да сябе. Сваякоў, прэтэндэнтаў на дзесяць сотак недагледжанай зямлі і хатку на два акенцы з прыбудоўкай пад хлеўчык, у яе не аказалася, і праз год і два месяцы пасля смерці Алены, 28 верасня 1970 года, у хатцы нарадзіўся я. Калі прыйшла зіма, халодная і злая, аказалася, што хата зусім не трымае цяпла, якое адразу ж знаходзіла шчыліны не толькі ў дзвярах і вокнах, але і, здавалася, у саміх сценах, таму, як пасля не раз казаў бацька, калі палілі ў печы, можна было грэцца і седзячы каля хаты на надворку. Праз гэта я ўвесь час хварэў, нават калі прыйшла вясна і пачало цяплець, і маці ў адчаі сказала, што стамілася, і ёй здаецца, што тэмпература ў мяне ўжо ніколі не спадзе. Дзіўна, але колькі памятаю сябе, мая звычайная тэмпература 36.9, і гэта заўсёды крыху бянтэжыць дактароў, калі я прыходжу ў паліклініку закрываць бюлетэнь. Праўда, апошнія гадоў трыццаць я хварэю вельмі рэдка.