Читать «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» онлайн - страница 11
Алесь Бадак
— Ваша хата вельмі цяжка дыхае, відаць, яна моцна хворая.
Ганя паглядзела на мяне са шкадаваннем і звярнулася да маці:
— Нейкі ён у цябе як нездаровы. Хай бы больш з дзецьмі бегаў, а не сляпіўся над кніжкамі.
Праз тры месяцы, увосень, Ганя памерла, і я ўпершыню ўбачыў, як хата можа старэць проста на вачах.
Больш я ніколі не гаварыў пра хаты з чужым чалавекам, тым не менш, не перастаючы думаць пра іх, нібы яны былі жывыя. Я ўжо тады стаў у пэўным сэнсе калекцыянерам — чалавекам, які збірае — у памяці, вядома, — хаты, як потым — ужо наяве — стаў збіраць аўтаручкі. Калісьці, каб каму-небудзь перадаць свае назіранні так, як бацька і сёння яшчэ імкнецца перадаць мне свае, я абавязкова напішу пра хаты апавяданне. Пра хату, у якой гуляюць вяселле, і пра хату, у якой ляжыць нябожчык. Пра хату, у якой дзень ніколі не бывае даўжэйшы, чым ноч, і пра хату, у якой мужчынскі голас чуваць так рэдка, што пасля ён яшчэ доўга адзываецца ў ёй рэхам.
Вядома, у гэтым апавяданні я напішу і пра сваю родную хату, і, далібог, яна заслугоўвае таго, каб стаць у ім галоўнай гераіняй.
Калі я пераязджаў у Мінск, бацька сказаў:
— Чым больш ты пакінеш дома дарагіх табе рэчаў, тым больш будзеш хацець сюды вярнуцца. І ніколі не забірай усе іх — інакш ты сюды ўжо ніколі не вернешся.
Ён, як заўсёды, мае рацыю, і ў гэтыя хвіліны, седзячы ў трохпакаёвай мінскай кватэры, у якой у мяне ёсць свой рабочы кабінет, бібліятэка ў некалькі тысяч кніг (не лічачы электронных версій), нарэшце, DVD-прайгравальнік з калекцыяй у некалькі соцень любімых фільмаў, адным словам, у кватэры, дзе ёсць усе ўмовы і для працы, і для адпачынку, я думаю пра тое, што недзе за 180 кіламетраў ад Мінска, у невялікай вёсачцы Туровічы няма ніякіх умоў для творчасці, бо заставацца аднаму там можна толькі ў сне. Я думаю пра тое, што тэлевізар там ловіць усяго тры праграмы, а чытанне кніг нагадвае заняткі сексам без кахання. І ўсё ж я вельмі хачу туды, асабліва цяпер, у гэтыя хвіліны. Хачу так, як ужо даўно не хацеў. Я разумею, што віной гэтаму Танечка, як разумею і тое, што гэта часова.
Нягледзячы на тое, што некалі я вырашыў больш нічога не забіраць з вёскі сюды, у Мінск, з таго, што звязана з маім дзяцінствам, у свой апошні прыезд я паклаў у дарожную сумку сшытак па біялогіі для восьмага класа — той самы, у якім некалькі старонак спісаны Танеччынай аўтаручкай, і якой я цяпер пішу гэтыя радкі. Я адвязу сшытак назад, як толькі закончу аповесць: там ён мне больш патрэбны, чым тут. Проста і ў мастацкім творы рэальныя даты і факты я заўсёды пераправяраю, і калі пішу, што ў кастрычніку ў восьмым класе мы праходзілі па біялогіі тэму «Будова і функцыі галаўнога мозгу», то так яно і павінна было быць насамрэч. Камусьці з чытачоў гэта падасца драбязой, непатрэбшчынай, але абавязкова знойдзецца і той, хто захоча пераправерыць які-небудзь факт, прыведзены ў творы. Можа нават пераправерыць, калі папраўдзе праходзілі тэму «Будова і функцыі галаўнога мозгу» ў восьмым класе ў 1985 годзе. Я павінен думаць і пра такога чытача. Дарэчы, якраз гэтую тэму мы праходзілі на ўроку, на якім Танечка на вачах усяго класа парвала газету з вершамі, пад якімі стаяла імя аўтара: Сяргей Васілевіч і назва школы: Федзюковіцкая СШ. Ці можна асуджаць юнага аўтара за тое, што, адчуўшы, як у душы ў яго ўсё закіпае, ён падумаў, што ніколі не даруе ёй гэтага?..