Читать «Яго пумпернiкель» онлайн - страница 2

Рэй Брэдбери

Што ж было асаблiвага ў тым днi, што праз сорак год ён сфакусiруецца як стэрэаскапiчны вобраз, свежы i выразны? I цi не зведаў кожны з iх таго ж пачуцця? За дзень-другi да пiкнiка ён наткнуўся на фатаграфiю, дзе бацька, маладзейшы на дваццаць пяць гадоў, стаяў сярод аднакласнiкаў. Фатаграфiя ўсхвалявала яго, дала ўпершыню адчуць хуткаплыннасць часу, iмклiвы паток гадоў, што нёсся прэч ад дзяцiнства. Калi б сфатаграфавалi яго самога, то цi не здалося б яго дзецям гэтае фота такiм жа дзiўным, якiм здалося яму фота бацькi: неверагодна маладога; чужынца, родам з чужога назаўсёды мiнулага часу?

Тое ж было i з апошнiм пiкнiком: яны ведалi, што праз некалькi гадоў будуць пераходзiць на другi бок вулiцы, абы не сустракацца адзiн з адным, а калi ўжо сутыкнуцца нос у нос, то абавязкова са словамi: «Паснедаем разам!» i нiколi разам не снедалi.

Як бы яно нi было, а мiстэру Велесу па сённяшнi дзень чуўся плёскат вады, калi яны ныралi з прычала пад высокiм жоўтым сонцам, помнiлiся i пiва, i бутэрброды, i цянiстыя дрэвы.

«Мы так i не з'елi пумпернiкель, — падумаў мiстэр Велес. — Дзiўна, былi б мы крыху галаднейшыя, разрэзалi б яго на кавалкi, i гэтая буханка на прылаўку не напомнiла б мне абсалютна нiчога».

Лежачы пад дрэвамi, ахутаныя цёплым золатам пiва, сонца, мужчынскай дружбы, яны абяцалi адзiн аднаму сустрэцца праз дзесяць гадоў каля будынка суда ў першы дзень новага, 1920 года i даведацца, што з кожным з iх стала. Яны вялi простую, грубаватую размову i выразалi свае iмёны на буханцы пумпернiкеля.

— Па дарозе дамоў, - сказаў мiстэр Велес, — мы пелi «Месячны залiў».

Ён прыгадаў, як яны ехалi дадому, i якая цёплая была ноч, i як мерна ў такт машыне падскоквалi мокрыя купальнiкi, кiнутыя на падстаўку для ног. Яны рабiлi аб'езд за аб'ездам, проста так, каб даўжэй ехаць, i гэта здавалася надзiва разумным.

— Спакойнай ночы. — Пакуль. — Спакойнай ночы.

Потым Велес ехаў адзiн, iмкнучыся да поўначы, да дому, да пасцелi.

Ранiцай ён прыбiў да камоды буханку пумпернiкеля.

— Я ледзь не плакаў, калi праз два гады, пакуль я быў у коледжы, мацi спалiла яе ў печы.

— Што ж усё-ткi адбылося ў 1920-м? — спыталася жонка. — У першы дзень Новага года.

— А-а, — адказаў мiстэр Велес. — Я выпадкова праходзiў мiма будынка суда. Iшоў снег. Прабiў гадзiннiк. Госпадзi, успомнiў я, мы ж павiнны былi тут сёння сустрэцца! Я пачакаў пяць хвiлiн. Не тое каб зусiм перад будынкам суда, не думай. Я чакаў на другiм баку. — Маўчанне. — Нiхто не прыйшоў.

Ён устаў з-за стала i заплацiў па рахунку.

— I дайце мне вунь тую буханку пумпернiкеля, — сказаў ён.

Калi яны з жонкай iшлi дамоў, ён сказаў:

— Ты ведаеш, мне падумалася: што з iмi ўсiмi стала?

— Нiяк, як заўсёды, у горадзе, у сваiм кафэ.

— А астатнiя? — твар мiстэра Велеса расчырванеўся, ён усмiхаўся i размахваў рукамi. — Пераехалi. Том, напэўна, у Цынцынацi. — Ён крадком глянуў на жонку.

— Чорт вазьмi, я пашлю яму гэты пумпернiкель!

— Але ж…

— Праўда! — Ён смяяўся i iшоў усё хутчэй i хутчэй, паляпваючы далоняй па буханцы хлеба. — Хай выража сваё iмя i пашле па пошце, чые адрасы ведае. I ўрэшце яна вернецца да мяне, зрэзаная iх iмёнамi.