Читать «Яго пумпернiкель» онлайн

Рэй Брэдбери

Рэй Брэдбэры

ЯГО ПУМПЕРНIКЕЛЬ

Позна вечарам мiстэр i мiсiс Велес выйшлi з кiнатэатра i завiталi ў цiхую, маленькую краму, якая адначасова служыла рэстаранам i кулiнарыяй. Яны селi ў асобнай кабiнцы, i мiсiс Велес заказала:

— Вяндлiна з пумпернiкелем.

Мiстэр Велес паглядзеў на прылавак: там ляжала буханка пумпернiкеля.

— А бач, — шапнуў ён, — пумпернiкель… Друсава возера…

Адразу ж усё стала прывычна-знаёмым: i гэтая ноч, i познi час, i пусты рэстаран. Кожная дробязь нагадвала пра мiнулае. Пах асенняга лiсця, подых паўночнага ветру трывожылi, захлiствалi ўспамiнамi. У гэтай забытай краме, у дзiўны, нерэальны час пасля кiнавiдовiшча, ён убачыў буханку пумпернiкеля, i, як гэта здаралася з iм не раз i раней — апынуўся ў мiнулым.

— Друсава возера, — паўтарыў ён.

— Ты пра што? — узняла вочы жонка.

— Пра тое, чаго не вярнуць, — адказаў мiстэр Велес. — У 1910 годзе, калi мне было дваццаць, я прыбiў буханку пумпернiкеля да люстра на камодзе…

На цвёрдай, блiскучай скарынцы менавiта гэтага хлеба хлопчыкi з Друсавага возера выразалi свае iмёны: Том, Нiк, Бiл, Алек, Пол, Джэк. Найлепшы за ўсю гiсторыю пiкнiк! Iх твары цямнелi, пакуль яны трэслiся па пыльных дарогах. У тыя часы дарогi сапраўды былi пыльныя; дзiвоснае, рудое, як прыпудранае воблака неадступна iшло за машынай. I возера было болей жаданае, чым потым, калi яны, чынныя, бездакорныя i незапыленыя, прыбывалi да яго берагоў.

— Гэта быў апошнi раз, калi старая шайка сабралася разам, — сказаў мiстэр Велес.

Потым былi коледжы, праца, сямейнае жыццё, якiя падзяляюць нас. I непрыкметна ты рабiўся членам чужой шайкi. I ўжо нiколi ў жыццi табе не было так утульна i лёгка.

— Мне iншы раз здаецца, — сказаў мiстэр Велес, — кожны з нас тады ведаў, што гэты пiкнiк будзе апошнi. Першы раз пустата падкралася адразу пасля школьных экзаменаў. Але час iшоў, нiхто тут жа не знiкаў, i ты расслабляўся. Праз год прывычны свет пачынаў распадацца. I хацелася што-небудзь зрабiць напаследак, пакуль вы не страцiлi назаўсёды адзiн аднаго. Пакуль вы яшчэ сябры, дома на летнiх канiкулах, а сямейнае жыццё недзе далёка наперадзе, трэба апошнi раз праехацца, выкупацца апошнi раз у халаднаватым возеры.

Мiстэр Велес успомнiў тую дзiўную ранiцу, успомнiў, як яны з Томам ляжалi пад бацькоўскiм фордам i iх рукi раз-пораз сустракалiся, а яны лапаталi пра машыны, пра жанчын, пра будучае. За працай яны не заўважылi, як стала горача. Нарэшце Том сказаў:

— Цi не праехацца нам да Друсавага возера?

Прасцей простага.

Чаму ж тады праз сорак год ты помнiш усё да дробязяў: i як заязджалi па астатнiх, i як дружна гарлапанiлi пад зялёнымi шатамi дрэваў?

— Эй! — Алек лопаў кожнага буханкай пумпернiкеля па галаве i смяяўся. Гэта на потым, для бутэрбродаў.

Нiк зрабiў бутэрброды з часнаком, яны ляжалi ў плеценай кашолцы. Пройдуць гады, з'явяцца дзяўчаты, i ўсё радзей i радзей яны будуць есцi такiя бутэрброды.

Потым, уцiснуўшыся па трое на пярэднiм i заднiм сядзеннях, абняўшыся за плечы, яны ехалi па гарачай, пыльнай зямлi i везлi брыкецiк лёду ў бляшаным тазе, каб астудзiць пiва, якое iм яшчэ трэба было купiць.