Читать «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990» онлайн - страница 4

Аляксей Гардзіцкі

Дэбютаваў вершамі ў 1952 г. У 1957 г. апублікаваў першае апавяданне. Аўтар зборнікаў прозы «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972), «Дзень ранняй восені» (1974), «Раяль з адламаным вечкам» (1990) і раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1978, паводле рамана зняты мастацкі фільм, 1982 і тэлеспектакль, 1983), «Год нулявы» (1983), «І скажа той, хто народзіцца...» (1987). Напісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў «Іван Мележ» (зняты ў 1977), «Валянцін Таўлай» (зняты ў 1978), «Дзядзька Якуб» (зняты ў 1981), п'есу «Раіса Грамычына» (1989).

Пераклаў кнігу балгарскіх народных казак «Незвычайны асілак» (1961), паасобныя творы М.Прышвіна, Ю.Казакова, С.Залыгіна і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І.Мележа (1980, за раман «Чужая бацькаўшчына») і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1988, за раманы «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца...»).

Аколава Валянціна, нарадзілася 25.07.1954 г. у вёсцы Мазуршчына Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Полацкай музычна-педагагічнай навучальні імя Ф.Скарыны працавала настаўніцай у Ветрынскай школе-інтэрнаце Полацкага раёна (1973-1977), метадыстам наваполацкага Палаца культуры нафтавікоў (1977), карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Знамя новостройки» трэста № 16 «Нафтабуд» (1977-1978), у рэдакцыі радыёвяшчання Наваполацкага вытворчага аб'яднання «Палімір» (1979-1980). У 1980 г. завочна скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1981-1986 гг. працавала ў выдавецтве «Юнацтва», у 1987-1988 гг. - літкансультантам газеты «Знамя юности». Сябра СП СССР з 1986 г.

Першыя вершы надрукавала ў 1968 г. (салігорская газета «Шахцёр»). Адзін з аўтараў паэтычнага зборніка «Сцяжына» (1983). Аўтар зборнікаў паэзіі «За тым лугам зеляненькім» (1987), «Вяртанне ў заўтра» (1990), «Я люблю сваю Белую Русь» (1990), а таксама паэмы-п'есы «Палачанка Інгрэна, альбо Вяртанне Скарыны» (1990). Паасобныя вершы пакладзены на музыку.

Выступае як перакладчык з расейскай, украінскай і славацкай моў.

Аксельрод Зэлік, нарадзіўся 30.12.1904 г. у горадзе Маладэчна ў сям'і саматужніка.