Читать «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990» онлайн - страница 2
Аляксей Гардзіцкі
Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Першыя вершы надрукавала ў 1929 г. Піша пераважна для дзяцей. Выдала зборнікі паэзіі «Маё пакаленне» (1935), «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Край мой родны» (1945), «Дарога ў будучыню» (1949), «Беларуская рабіна» (1959), «Лірыка» (1965), «Круглы год: Выбранае» (1966), «Жаданне» (1971), «Спадзяванне калыханак» (1983), «Закаханым» (1986), паэму «На беразе Волгі» (1940). Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Васількі» (1947), «Ля піянерскага кастра» (1952), «Твае таварышы» (1957), «Госць з далёкай зямлі» (1958), «Незвычайныя канікулы» (1962), «Першы ліст» (1966), «Падарожнік» (1969), «Піянерская гама» (1970), «Краіна маленства» (1975), «Мы сур'ёзныя, мы вясёлыя» (1976), «Доктар Смех» (1977), «Ад зярнятка да вясёлкі» (1981), «Хто пачынае дзень?» (1982), «На двары алімпіяда» (1984), «Буду настаўнікам» (1990), паэмы «Песня пра піянерскі сцяг» (1949), «Мы будзем сябраваць» (1955, дапрацаванае выданне ў 1979), кніга для чытання ў 4 класе «Роднае слова» (з Я.Івашуціч, 1989). У 1976 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Аўтар лібрэта опер для дзяцей «Джанат» (1962, ставілася ў 1944, 1947, 1974), «Марынка» (урыўкі ў 1958, пастаўлена ў 1956).
Пераклала на беларускую мову паасобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, У.Маякоўскага, М.Ушакова, Г.Ахматавай, В.Шэфнера, А.Барто, Л.Украінкі, М.Бажана, Я.Судрабкална, С.Карыма і інш., кнігу Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з А.Грачанікавым, 1985), зборнікі паэзіі для дзяцей Я.Османіса «Сабака з рагаткай» (1976), Г.Сулейманавай «Сорак косак» (1982), М.Джаліля «Я гляджу на зоры» (1985). З французскай мовы пераклала кнігі П.Ж.Беранжэ «Выбраныя песні» (1960), «Краіна Паэмія» (анталогія французскай паэзіі для дзяцей, 1962), А.Экзюперы «Маленькі прынц» (1969), Г.Апалінэра «Зямны акіян» (1973), П.Элюара «З табою» (1980).
У 1986 г. узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х.К.Андэрсена за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей «На двары алімпіяда».
Адамовіч Алесь, нарадзіўся 03.09.1927 г. у вёсцы Канюхі Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.
З 1928 г. сям'я пражывала ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. У 1942 г. ён, вучань сярэдняй школы, - сувязны, з 1943 г. - баец партызанскага атрада імя Кірава Менскага злучэння. У 1944-1945 гг. - студэнт Ленінагорскага горна-металургічнага тэхнікума (Алтайскі край). У 1945-1950 гг. вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1953 г. скончыў аспірантуру пры ўніверсітэце і працаваў там жа на кафедры беларускай літаратуры. У 1954-1962 гг. і з 1967 г. - навуковы супрацоўнік, у 1976-1983 гг. - загадчык сектара літаратурных узаемасувязей Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1962-1966 гг. вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве, у 1964-1966 гг. выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным унівесітэце. З 1966 г. зноў працаваў у Інстытуце літаратуры. У 1982 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1987 г. - дырэктар навукова-даследчага Інстытута кінамастацтва ў Маскве. Народны дэпутат СССР (1989). Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1957 г.