Читать «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990» онлайн

Аляксей Гардзіцкі

Аляксей Гардзіцкі

Беларускія пісьменнікі: 1917-1990

Беларускія пісьменнікі: 1917-1990. Менск: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X

А

Авечкін Аляксандар, нарадзіўся 22.06.1913 г. у горадзе Чудаве Ноўгарадскай вобласці (Расея) у сям'і служачага.

Працаваў рабочым на мясцовай запалкавай фабрыцы (1929-1931). Служыў у Савецкай Арміі (1931-1936), быў інструктарам чудаўскага аэраклуба. У час Вялікай Айчыннай вайны - лётчык, камандзір эскадрыллі. Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1949), аддзяленне журналістыкі Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС (1960). Працаваў уласным карэспандэнтам газеты «Калгасная праўда» па Берасцейскай вобласці (1950-1955), загадчыкам аддзела культуры берасцейскай абласной газеты «Заря» (1955-1959), рэдактарам газеты «Красноярский пилот» (1959-1961), старшым рэдактарам берасцейскай абласной студыі тэлебачання (1963-1976). Сябра СП СССР з 1958 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 07.11.1980 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1949 г. Пісаў на расейскай мове. Аўтар аповесцей для дзяцей «Соломка» (1951), «Ошибка «Дикого зубра» (Краснаярск, 1960), «У Дивных гор» (1965), «Происшествия в конце каникул» (1982), зборнікаў прозы «Подвиг сигналиста» (1958), «Рассказы» (Краснаярск, 1961), «Особое заданне» (1979).

Агіевіч Уладзімір, нарадзіўся 26.09.1910 г. у вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Настаўнічаў у сельскай школе (1929-1933). Скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1937). Выкладаў у Слуцкай педагагічнай навучальні (1937-1939), вучыўся ў аспірантуры пры АН БССР (1937-1941). Некаторы час выкладаў гісторыю беларускай літаратуры ў вышэйшых навучальных установах Менска. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Быў паранены. У 1943-1946 гг. - вучоны сакратар аддзялення грамадскіх навук АН БССР. Працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў Менскім педагагічным інстытуце, літкансультантам у СП БССР, рэдактарам аддзела часопіса «Беларусь». Сябра СП СССР з 1946 г.

Памёр 02.10.1952 г.

Дэбютаваў вершамі ў 1928 г. Як крытык пачаў выступаць у 1941 г. Вылучаюцца яго артыкулы пра творчасць Я.Купалы і Я.Коласа, пра пасляваенную беларускую паэзію. Склаў падручнікі (разам з І.Кудраўцавым): «Кніга для чытання ў 2 класе школ рабочай і сельскай моладзі» (1952), «Кніга для чытання ў 3 класе школ рабочай і сельскай моладзі» (1952). Лепшыя крытычныя працы сабраны ў кнізе «Літаратура і жыццё» (1954).

На беларускую мову пераклаў аповесць М.Прыляжаевай «З табой таварышы» (1950).

Агняцвет Эдзі (сапр. Каган Эдзі), нарадзілася 11.10.1913 г. у горадзе Менску ў сям'і служачых.

Пасля заканчэння сямігодкі працавала на менскім заводзе «Камунар» (1930), год правучылася ў менскай будаўнічай прафтэхшколе. Скончыла крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1934). Завочна вучылася на педагагічным аддзяленні літфака педінстытута (1934-1936), працавала рэдактарам Беларускага радыё (1934-1938), кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР (1939), у аддзеле паэзіі часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1940-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ва Ўзбекістане. У 1945-1946 гг. працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Сябра СП СССР з 1937 г.