Читать «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990» онлайн - страница 345

Аляксей Гардзіцкі

З крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі выступае з 1958 г. Выйшлі зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў і даследаванняў «Карані маладога дрэва» (1967), «Ад слова да вобраза» (1968), «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (з В.Каваленкам і М.Мушынскім, 1972), «Пытанні паэтыкі» (з В.Жураўлёвым і Я.Шпакоўскім, 1974), «Грані майстэрства» (1974), «У свеце мастацкага твора» (1977), «Нараджэнне новага мастацтва» (з Л.Гараніным і А.Матрунёнкам, 1980), «Выхад за круг» (1985), «Становление белорусской художественной традиции» (1987).

Яўменаў Леанід, нарадзіўся 22.07.1932 г. у вёсцы Халмы Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

Скончыў аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955), аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1961). У 1954-1958 гг. - сакратар Менскага гаркама камсамола. У 1961-1970 гг. - дацэнт Менскага педагагічнага інстытута замежных моў. У 1970-1971 гг. - лектар ЦК КПБ. З 1971 г. - міжнародны чыноўнік у дэпартаменце сацыяльных, гуманітарных навук і культуры ЮНЕСКА, з 1975 г. - загадчык кафедры этыкі, эстэтыкі і навуковага атэізму БДУ, з 1979 г. - загадчык сектара Інстытута філасофіі і права АН БССР. З 1982 г. - загадчык аддзела навуковай інфармацыі АН БССР. Доктар філасофскіх навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1981 г.

Выступае ў друку з мастацкімі творамі з 1949 г. (бабруйская газета «Камуніст»). Выдаў зборнікі паэзіі «Чужая планета» (1980) і «Блізкія далі» (1983). Перакладае сучасную французскую і франкамоўную паэзію.

Аўтар навуковых прац па філасофіі, этыцы і эстэтыцы. Асобнымі выданнямі выйшлі «Філасофія антымарксізму і дыялектыка» (1981), «Антыгуманістычныя тэндэнцыі ў сучасным буржуазным мастацтве» (1983) і інш.

Яўсеева Святлана, нарадзілася 04.09.1932 г. у горадзе Ташкенце (Узбекістан) у сям'і ваеннаслужачага.

Скончыла літаратурны факультэт Ташкенцкага педагагічнага інстытута (1957) і Літаратурны інстытут у Маскве (1962). У Менску жыве з 1962 г. Сябра СП СССР з 1964 г.

Першыя творы надрукавала ў 1955 г. Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў паэзіі «Женщина под яблоней» (Масква, 1962, пад такой самай назвай выйшла кніга выбраных вершаў у Менску, 1982), «Новолуние» (1965), «Зову!» (1974), «Евразия» (1979), «Последнее прощание» (1983), «Ищу человека» (вершы, паэмы, 1988).

Пераклала на расейскую мову кніжку вершаў для дзяцей «Черничка» А.Вольскага (1967), кнігу паэзіі Н.Тулупавай «Я соловья искала» (Масква, 1987), асобныя творы Я.Купалы, М.Танка, А.Вялюгіна, А.Вярцінскага і інш. Займаецца перакладамі на расейскую мову армянскіх, асецінскіх, балкарскіх, кіргізскіх, французскіх і іншых паэтаў.

Яўсееў Рыгор (таксама Яўсееў Ягор), нарадзіўся 10.09.1942 г. у вёсцы Барок Бялыніцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Малабялевіцкай сярэдняй школы (1960) рабіў у калгасе. Служыў у Савецкай Арміі (1961-1963). Працаваў у бялыніцкай раённай газеце «Зара камунізму» (1964-1971). Скончыў завочнае аддзяленне філфака Магілеўскага педінстытута (1969), Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ (1973). Працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя» (1973-1975), у Дзяржкамвыдзе БССР (1975-1977). З 1977 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1983 г.